Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 46

Васіль Быкаў

Доўгі час Антон не падаваў голасу, і яна як-колечы паспела абуцца, завязала хустку і надзела ўсохлы, аж залубянелы на плячах сачак. Знадворку нічога болей не было чуваць, і гэта супакойвала трохі. Але Зоська ўсё ўслухоўвалася, стоячы ля дзвярэй. Скамечаны Антонаў кажушок яна трымала ў руках, не ведаючы, ці ёй выходзіць з каморкі, ці чакаць тут Антона.

Аднак выходзіць не давялося. Праз якую хвіліну Антон вярнуўся з наганам у руцэ, прычыніў за сабой дзверы і моўчкі сунуў наган у кішэню штаноў.

— Ну? Хто там? — устрывожана запыталася Зоська.

— Сядай. Куды сабралася? — замест адказу прапанаваў Антон і сеў на салому.

Мала што разумеючы, Зоська шырока расплюшчанымі вачмі ўтаропілася ззаду ў яго пакатыя плечы пад світэрам, вялікую галаву з ускудлачанымі без шапкі валасамі. Антонаў твар выглядаў надта заклапочана і злосна, і яна пачала распытваць. Антон між тым разгублена зірнуў у патухлую печку.

— Паліцаі, хто ж, — спазнела адказаў ён з раздражненнем і звесіў з калень доўгія рукі. Зоська ступіла бліжэй і накінула на ягоныя плечы яшчэ цёплы яго кажушок.

— Што ж нам рабіць? — заклапочана запытала яна.

— А што зробіш? Сядзець нада.

Ён з разгубленым выглядам пазіраў перад сабой у пагаслую топку, і Зоська не магла даўмецца, што здарылася. Няўжо тут так небяспечна сядзець і так напалохалі яго паліцаі? Ці, можа, ён незадаволены ёю? Можа, ён шкадуе і раскайваецца, што пайшоў за ёю з атрада? Што гэта здарылася з ім за гэтую раніцу, чаму раптам ён так змяніўся? Абвяў, знерухомеў і стаў так мала падобны на сябе ранейшага, думала Зоська.

10

Пакуль Зоська абувалася ў каморцы, Антон перабег цераз намеценую ад парога снежную гурбу, зірнуў у адны дзверы, у другія і раптам, падаўшыся назад, замёр за абгарэлым бервяном шула. Праз паўтары сотні крокаў ад аборы няхутка цягнуліся па раскіслым снезе двое саней з седакамі ў чорных шынялях, убачыўшы якіх, Антон зразумеў: паліцаі. Да аборы даляталі абрыўкі іхняй размовы, смех, хтось, брыдка вылаяўшыся, са злосцю выцяў каня.

Стоячы за шулам, Антон, аднак, хутка асмялеў ад спалоху, сцяміўшы, што паліцаі кіравалі не сюды, а міма, па нейкай сваёй патрэбе, у бок Нёмана. На абору ніхто з іх не звяртаў увагі, начных слядоў у снезе ўжо не засталося, усё добра зраўняла завея. Антон перавёў дыханне і ўслухаўся ў далекаватую для слыху размову, сэнс якой, аднак, зразумець было цяжка. Ён ужо хацеў быў клікнуць Зоську, як раптам учуў знаёмае слова, якое прымусіла яго зноў замерці за шулам. Выразна пачулася «Сталінград», пасля яшчэ раз сказанае кімсьці з паліцаяў гэтае ж слова і ледзьве пачутае затым «далі» ці, можа, «узялі». Гэта яго зацікавіла. Ён напружыў усю сваю ўвагу і слых, але вецер адносіў словы ўбок, і яму ўдалося пачуць толькі адно «…ступленне». Далей, колькі ён ні ўслухоўваўся, зразумець нічога не мог — сані ад’ехалі далекавата і неўзабаве схаваліся на паваротцы за каменным рогам аборы.