Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 45

Васіль Быкаў

I ўсё ж ёй было няёмка перад Антонам, асабліва калі яна ўявіла сабе, як ён прачнецца і яны выйдуць з гэтай цёмнай каморкі. I яшчэ яна адчувала сваю віну перад Сашкам, з якім да вайны сябравала і нават збіралася за яго замуж. Ідучы па мабілізацыі, Сашка прасіў чакаць, і вось дачакалася… Праўда, цяпер яна зразумела, што Сашку па-сапраўднаму і не кахала, гэта ён да яе прысох і аднойчы прапанаваў пайсці ў сельсавет распісацца. Сашка ўвогуле быў някепскі, вясёлы хлопец, яны раслі на адной вуліцы, але нешта ўтрымала яе тады ад замужжа, і яна ўсё адкладвала. Але вось дзіўная справа, падумала Зоська, здарылася б такое ў яе з Антонам, не стала б цягнуць і тыдня — пагадзілася б у адзін дзень, хоць у першай на іхняй дарозе вёсцы. Што значыць каханне з першага позірку або яшчэ што, чаму і назвы, напэўна, не прыдумалі людзі. З Антонам яна гатова была хоць на край свету, асабліва цяпер, пасля гэтай дарогі і гэтага начлегу ў аборы.

Каб не патрывожыць яго, Зоська ціхенька павярнулася на другі бок. Яе вочы прызвычаіліся ўжо да прыцемак у каморцы, дзе стала трошкі відней, і яна зноў убачыла яго сцішаны на саломе твар і яго цвёрды, быццам высечаны з каменю, профіль з прамым роўным носам і моцнай касці падбародкам, які быццам асколкам быў азначаны на канцы маленькай ямкай — такія мужчынскія падбародкі заўжды падабаліся Зосьцы. Адчуўшы наплыў пяшчоты да Антона, яна ціхенька дастала з-пад кажушка сваю цёплую руку і кончыкамі пальцаў дакранулася да яго пляча. Ён не пачуў яе дотыку і па-ранейшаму роўна дыхаў у сне. Яна падумала: няхай спіць, натаміўся, а час, пэўна, зусім яшчэ ранні. I толькі яна памкнулася схаваць пад кажушок руку, як у глухой цішы аборы пачула нейкі далёкі страхавіты гук. Яна яшчэ не зразумела, які гэта быў гук, і замерла, уся ператварылася ў слых. Дле вось гук паўтарыўся, ён быў падобны на нямоцны аддалены стук па чымсь мяккім, і ў тое ж імгненне да яе выразна данеслася: «Но-о, пайшоў, падла!»

— Антон! Антон, чуеш?

Рэзка скінуўшы з сябе кажушок, яна падхапілася і села, зноў сціхшы. Антон таксама ўскочыў на саломе з расшыранымі ад соннага спалоху вачмі і замёр, слухаючы. Пасля, не сказаўшы ні слова, сунуў у боты ногі і ў адным світэры шырока сігануў за парог. Дзверы за ім марудна расчыніліся насцеж, і парыў ветру, дзьмухнуўшы ў каморку, адразу вынес з яе ўсё накопленае за ноч цяпло. Здрыгануўшыся, Зоська пачала таропка нацягваць ссохлыя, пакарэжаныя ля печкі боты, кожную секунду чакаючы, што Антон крыкне і трэба будзе ўцякаць.