Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 44

Васіль Быкаў

— Ой, так не можна! — задыхнулася Зоська.

— Можна… Можна…

Печка з агнём хіснулася ўбок, Зоська адчула блізкую цеплыню кажушка і дзіўна завалодаўшую ёю мужчынскую сілу Антона, таропкія рухі ягоных уладарных рук, ад якіх ужо не было як абараніцца.

— Антон!.. Антоша…

— Усё добра, усё добра, малышачка, — прашаптаў ён.

— Не трэба, Антон… Не трэба…

Ён, аднак, ужо не адказваў, і яна з выразнаю безнадзейнасцю зразумела ўсю няўхільнасць яго ўладарнай сілы. Яе ж сіла і воля зніклі, утапіліся ў яе страху і цёплай асалодзе яго абдымкаў. Яна толькі адчувала, што так не трэба, што яна робіць кепска, затуманенай свядомасцю яна добра зразумела, што гіне, але ў гэтай пагібелі была магутная зваблівасць, а галоўнае, было ўсведамленне, што гінула яна разам з ім. То было галоўнае яе апраўданне і яе суцяшэнне, а можа, і вялізнае яе шчасце.

Яна не памятала, што было потым. Магчыма, настаў сон або дзіўнае ўсепераможнае небыццё, калі прападае памяць і адчуванні, на некалькі доўгіх гадзін яна перастала адчуваць сябе ў гэтым свеце, быццам прысутнічала ў ім, страціўшы прытомнасць… Прачнулася яна таксама, як і заснула, — раптам, ад нейкага трывожнага штуршка знутры і, баючыся паварушыцца, расплюшчыла вочы. У цеснай каменнай каморцы было цёмна, але некалькі шчылін у заткнутым саломай акенцы ўжо світальна блішчалі, канцы саломін ля шчылін ціхенька ляскаталі ад ветру. Было сцюдзёна, у чорным квадраце топкі не свяціўся ніводзін вугольчык, цьмяна шарэў абшкрэбаны бок печкі, і злавесна чарнелі закапцелыя куты каморкі. Не варухнуўшыся, Зоська абвяла іх страхавітым позіркам, здагадаўшыся, што некалі тут была кубавая ці, можа, кацельная, дзе запарвалі корм і грэлі для жывёлы ваду. Пасля яна перавяла позірк ніжэй, адчуваючы на сабе знаёмае цяпло кажушка і цёплыя шырокія плечы Антона, яго мернае дыханне побач. Антон спаў, і Зоська баялася паварушыцца, каб не пабудзіць яго. Ёй трэба было трошкі часу, каб разабрацца ў сваіх невясёлых думках, зразумець, што з ёй здарылася. Здарылася, канешне, кепскае, яна была вінаватая і дакарала сябе, як магла. Хоць яна разумела таксама, што позна дакараць сябе. Таго, што здарылася, не паправіш. I, разважыўшы так, яна суцешылася адзіна правільнай у яе становішчы думкай, што з кожнай дзяўчынай гэта павінна калі-небудзь здарыцца. Можа, праўда, не так — інакш, прыгажэй, але цяпер усё ў жыцці не так, як прынята спрадвеку, і горш, таму што цяпер — вайна. Зноў жа, ад кастрычніка ёй пайшоў дваццаты, яна ўжо не дзяўчо, так нядоўга састарэць у дзеўках або загінуць, не пазнаўшы кахання. Ва ўсякім выпадку, трохі паляжаўшы і разважыўшы аб сваім становішчы, Зоська супакоена ціхенька ўздыхнула з адчуваннем таго, што яе, здавалася б, непапраўнае гора нібыта абарочвалася хаця і нечаканым, але, можа, яшчэ не найгоршым чынам. Адно бясспрэчна: на яе нялёгкім, поўным шмат якіх страхаў шляху паявіўся гэты рашучы сімпатычны мужчына. Хай не назаўжды, не надоўга. Але што цяпер назаўжды і надоўга?

Згарнуўшыся абаранкам у лагодным цяпле Антонавага кажушка, яна зноў уздыхнула: што ж, чаму быць, таго не мінуць. Вядома, было дзіўнавата і незвычайна ўсё, што адбылося з ёй за гэтыя дзве ночы. Яна сустрэла на балоце свайго суджанага, спалохалася, узрадавалася, падзяліла з ім свой поўны небяспекі шлях, які ўрэшце і прывёў іх да гэтай адзінокай начной аборы. Але што ёй, знясіленай і мокрай, яшчэ заставалася? Ён увогуле слаўны, прыемны на выгляд мужчына, смелы і не нахабнік, а ў тым, што ў іх здарылася, мусіць, пэўная віна падае і на яе таксама. Відаць, у тым воля выпадку. Зоська ўжо чула ад разумных людзей, што з таго дня, як усчалася вайна, у свеце запанавалі выпадковасці, адна з каторых, відаць, выпала і на яе долю. Таму ці варта празмерна перажываць, ці не лепш спакойна перажыць усё, што з ёй здарылася, і прадаўжаць сваю справу — выконваць заданне, якое, адчувала яна, яшчэ прынясе ёй шмат нечаканак, і сярод іх гэта, можа, не самая горшая.