Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 43

Васіль Быкаў

— Мама, напэўна, даўно ўжо мяне пахавала. З самай вясны не бачыліся.

— Ну, гэта яшчэ нічога не значыць, — суцешыў Антон. — Людзі ўсё роўна скажуць. Бачылі ж, мусіць, цябе знаёмыя дзе ў вёсках, маглі перадаць.

— Можа, і бачылі, — пагадзілася Зоська, не ведаючы яшчэ, як думаць пра гэта — добра ці не, што бачылі яе сярод партызан. Добра, калі перадалі маці, але маглі перадаць і каму не трэба, тады яе партызанства магло кепска адгукнуцца для маці.

— Мая во іншая справа, — сказаў раптам Антон. — Няма каго баяцца. Ніхто тут мяне не ведае, ніхто за мяне не турбуецца.

— А ўжо ўведалі, мабыць. З Кузняцовым жа ты ўсе вёскі аб’ездзіў.

— А ў весках хто мяне дзе прыкмеціць? Прыехаў і паехаў. Партызан, як усе.

— Не скажы. Дзяўчаты прыкмецяць. Прыкметны. Антон з лёгкай усмешкай зазірнуў ёй у вочы.

— У гэтым сэнсе згаджаюся. Прыкметны. Але што мне дзяўчаты! Я сам запрыкмеціў адну.

— Дзе? — трапятнулася Зоська, павяртаючыся да яго тварам.

Антон лёгенька пацепаў яе цяжкой рукой па плячы.

— А ў атрадзе. Разведчыцу адну. Слаўненькую такую малечу.

— Ай, няпраўда, — знарок з недаверам сказала Зоська, адчуўшы, аднак, як соладка зашчымела ў яе грудзях.

— Не, праўда. Сама ж разумееш, на што пайшоў. I дзеля каго. Засятка ты мая…

Ён узіраўся ў яе ўжо без ценю іроніі. Крамяны яго твар з трохі зашчаціненым падбародкам зрабіўся сур’ёзны і наблізіўся да яе твару. Зосьцы стала ніякавата, яна не ведала, як адказаць, і, сумеўшыся, узяла яго левую руку, што лягла ёй на калені, далікатна паціснула яе.

— За гэта дзякуй. Толькі…

— Не трэба цяпер пра гэта. Тут справа ў тым, — сказаў ён і, сціхлы, асцярожна, быццам у роздуме, абняў яе. Яна лёгенька здрыганулася, напружылася і маўчала. — Справа ў тым, што…

Яна напружана чакала, замершы ў яго дзіўна хвалюючых абдымках, а ён раптам закінуў да сябе яе галаву і з нейкім адчаем рэзка пацалаваў у вусны.

— Антон!..

— А што я магу зрабіць? — усхвалявана выдыхнуў ён, не аслабляючы на ёй сваіх учэпістых рук. — Пакахаў я цябе.

— Праўда? — здзіўлена прашаптала яна, збянтэжаная гэтым яго прызнаннем. Ніхто яшчэ не казаў ёй гэтага слова ды яшчэ такім сур’ёзным, амаль роспачным голасам; яна ўся замерла ад жаху, у абсалютным, ні з чым не зраўняным шчасці.

— Во! Знаеш, цяпер я гатовы на ўсё, — яшчэ болей рашуча сказаў ён дрыготкім голасам. Яна нерухома сядзела ў яго цёплых, утульных абдымках, са здзіўленнем слухаючы, як моцна загрукала яе сэрца.

— Вось я сказаў табе ўсё. Ведай. А ты што мне скажаш? Зоська маўчала, стараючыся зразумець свае адчуванні.

Ёй было вельмі не проста так вось у самыя вочы сказаць пра ўсё, што яна адчувала да гэтага чалавека, і нават самой да канца зразумець свае да яго пачуцці. Было ёй і прыемна, і радасна, і адначасова страшна чагосьці, і яна не ведала, якое з гэтых адчуванняў галоўнае і нават якое праўдзівае. Але, здаецца, у гэтую хвіліну ён разумеў яе лепш, чым яна самую сябе.

— Ты ж мяне тожа, я знаю… Кахаеш?

— Знаеш, я тожа, — ціха сказала яна. — Слаўны ты…

— Ну во і дзякуй, — горача выдыхнуў ён ля самага яе вуха і зноў пацалаваў у шчаку, у пераноссе, а пасля — доўгім рашучым пацалункам у вусны.