Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 42

Васіль Быкаў

Зноў прачнулася ад лёгкага дотыку да яе нечай рукі, але яна ўжо ведала, што гэта рука Антона, і не спалохалася, слухаючы яго падабрэлы, спакойны, амаль хатні голас:

— Чуеш?.. Давай распранайся. Будзем сушыцца.

Яна расплюшчыла вочы, з прыемнасцю адчуваючы лагодны подых цяпла — у печцы ваўсю палалі дошкі, чорныя канцы якіх няўклюдна тырчэлі з топкі, па нізкай столі і каменных, з марозным бляскам сценах гулялі агняныя бліскаўкі. Антон стаяў перад ёй на каленях у вясковым ваўняным світэры, побач, распяты на палках, сушыўся яго кажушок.

— Чуеш? Распранайся, цёпла ўжо.

Сапраўды, цесная гэта каморка поўнілася дымным цяплом, парай і цішынёй, якая парушалася хіба гулам полымя ў печы. Зоська перамагла ў сабе рэшту дрымоты і ўсміхнулася.

— Ну, сагрэлася?

— Сагрэлася.

— А гаварыла… Са мной не прападзеш, малеча, — бадзёра паабяцаў Антон і далонню піхнуў канцы дошак, заганяючы іх у топку, з якой шуганула роем іскраў у столь.

— Ой, каб пажару не было!

— Не будзе: камень. А згарыць, не бяда. Здзявай боты, мусіць жа, мокрыя?

— Мокрыя.

— Знімай куртку, усё — сушыць будзем. Тут цяпер ні душы. Самая блізкая вёска за Котрай.

Яна развязала мокрую, скамечаную хустку, якую Антон адразу ўзяўся начапляць ля кажушка, здзела сачак, хвіліну патрымала яго перад топкай, пакуль густыя струмені пары не павалілі ў печ. Боты і падол спадніцы былі мокрыя, мабыць, яшчэ з учарашняга, яна здзела боты, а затым, счакаўшы, сцягнула і свае ваўняныя панчохі. Антон умела ўладкаваў усё гэта на палках бліжэй да печкі.

— На во, сядай на кажух — ужо высах. Ого, як угрэўся! Агонь!

Яна з асалодай апусцілася на цёплую поўсць знаёмага ёй Антонавага кажушка, выткнула мокрыя расчырванелыя калені да прыемнага агню з печкі.

— Та-ак! — задаволена вымавіў Антон і падсеў бліжэй. — А цяпер перакусім. Во па кавалку хлеба і па дзве бульбіны. За памінак душы той бабусі, — пажартаваў ён і пераламаў надвая акрайчык.

На хвіліну прымоўкшы, яны ўзяліся есці хлеб з бульбай і хутка ўсё з’елі, нічога не пакінуўшы на заўтра. Вядома, яны не наеліся, але наракаць на голад не сталі, здабыць болей харчу тут усё роўна не было дзе. Належала трываць да заўтра.

— Ну во і паначуем. А што? Лепш, чым у якой-небудзь хаце, — сказаў Антон і яшчэ бліжэй пасунуўся да Зоські, жартоўна таўхануў яе локцем. — Удваіх, ніхто не замінае. Праўда?

Яна не адказала і не адсунулася, толькі смяшліва зірнула. Яно, можа, і лепш, падумала Зоська, а можа, і не. У гэтай іх адзіноце было многа прыемнага, але нешта і палохала, хаця яна старалася не думаць аб тым. Цяпер ёй было добра, цёпла і нават супакоена на душы. Сапраўды, над галавой быў дах, у печцы гарэў агонь, а побач сядзеў той, хто ўжо столькі дапамог ёй. Хацелася думаць, што ён і далей будзе побач і ўсё абыдзецца добра.

— Во сядзіш, а маці, пэўна, і не сніць, што яе дачка каля Котры начуе.