Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 41

Васіль Быкаў

— Мабыць, нам падвязло, — сказаў ён ціха. — Пастой тут, я схаджу.

Зоська ўгледзелася ў зараснік з аблепленым снегам голлем, там зводдаль нешта чарнелася — будынак ці, можа, стог сена, падобна, аднак, — сядзіба. Адвярнуўшыся ад мокрага, са слатой, ветру, яна счакала хвіліну-другую, усё пазіраючы ў цемру і чакаючы адтуль Антона. Але замест Антона неўзабаве пачула яго прыглушаны голас:

– Ідзі сюды…

«Пэўна, нешта знайшоў», — радасна падумала Зоська, выбягаючы з хмызняку. Сапраўды, каля зарасніку на снезе выцягнулася сцяна нейкай няўклюднай будыніны з абваленым у адным канцы дахам, разламанай і напаўзавеянай снегам агароджай, нейкім інвентаром, раскіданым вакол і таксама заваленым снегам. Антон дзелавіта абышоў пабудову, зазірнуў у чорны правал шырокіх, насцеж расчыненых варот.

— Во, была сядзіба. Спалілі. Адна абора асталася.

На самай справе, гэта была старадаўняя панская абора — даўгое, змураванае з валуноў памяшканне для хатняй жывёлы з маленькімі акенцамі ў сцяне і чорным праваллем варот. Паблізу болей нічога не было відаць, толькі за аборай высілася некалькі старых дрэў ды цьмеў голы, засыпаны снегам хмызняк.

– Ідзі сюды. Не бойся, — паклікаў Антон з цёмных варот, адкуль горка смярдзела пагарэлішчам.

Нясмела ступаючы па снезе, Зоська ўвайшла за ім у страхавіта-пустэльную цемру аборы і спынілася, не ведаючы, куды ступіць далей.

— Сюды, сюды, — паклікаў ён з цемры, і толькі калі ў ягоных руках пыхнула запалка, Зоська ўбачыла ў глыбіні аборы напаўрасчыненыя нізкія дзверы і ў іх цёмную Антонаву постаць.

– Ідзі, не бойся!

Усё, аднак, баючыся, яна нерашуча пераступіла высокі парог і не паспела яшчэ што разгледзець, як запалка патухла.

— Во, харашо! — з задавальненнем сказаў Антон у глухой цемры і запаліў другую запалку, якая на некалькі секунд асвятліла закапцелую столь, змрочнае каменне сцяны і, на радаснае здзіўленне Зоські, — шырокую топку печы насупраць.

— Во, паняла? — узрадавана сказаў Антон. — Печка ёсць, цяпло будзе. Сядай сюды, на салому ці што тут… Сядай! Зараз мы расшуруем печку. Не можа быць…

Не ў сілах ужо саўладаць з дрыжыкамі, якія калацілі яе ўсё болей, Зоська апусцілася ў цемры на штось сцюдзёнае і мяккае, не стрымаўшыся, паляскала трохі зубамі. Настылыя мокрыя рукі засунула ў трохі яшчэ сухую пазуху, згорбілася, сціснулася ў барацьбе са сцюжай, якая ўладарна ахапіла яе, і заплюшчыла вочы. Дрыжыкі люта калацілі яе, але тут не было ветру, а галоўнае, было ціха, і не трэба было ісці. Перад вачыма яе ўсё зазыбалася, паплыло ў дрымотнай знямозе, і яна сапраўды заснула — раптам і так моцна, што адразу перастала адчуваць, дзё яна і што з ёю робіцца.

Аднак спала яна нядоўга, можа, некалькі хвілін, не болей. Яна зразумела гэта, раптам прачнуўшыся ад яркай бліскавіцы агню — Антон калупаўся ля печы, распальваў нейкія абломкі дошак, і яна зноў здрыганулася ад сцюжы і спалоху.

— Не бойся! Гэта я — з пораху з патрона. Не гарыць, халера.

Прысеўшы ля топкі, ён шумна дзьмуў у яе, дашчаныя абломкі ляніва тлелі кволым агнём і густа капцілі дымам, які не хацеў ісці ў печ і кручанымі струменямі валіў у абору. Але вось Антон дзьмухнуў з усёй сілы — між дошак выслізнула некалькі язычкоў полымя, і Зоська супакоена заплюшчыла вочы…