Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 40

Васіль Быкаў

Але не, ёй рана думаць пра тое, у яе труднае, на некалькі дзён распісанае заданне. Трэба наведацца ў Скідзель і яшчэ ў два хутары, з’ездзіць у Гродна. Можа быць, пашэнціць пабачыць матулю. Ёй трэба яшчэ шмат куды паспець у жыцці, навошта думаць пра пахаванне?

Аднак яна зноў адстала. Невыразна-расплывісты цень Антона ледзьве ўгадваўся ў ветравым прыцемку, злева цягнулася сцяна хваёвага лесу, і Зоська падумала: няўжо прыйдзецца паварочваць у лес? У лес яна не хацела, ёй лепш было ў гэтым завейным полі, чым у змрочным, шумлівым, загадкавым і страшным лесе. Чвякаючы дашчэнту раскіслымі ботамі, яна пабегла за Антонам, які спыніўся і даў ёй падбегчы поруч.

— Бачыла? Бачыла, куды мы зайшлі?

Нізка насунуўшы на вочы шапку, ён паказваў на лес, які няроўным узлескам адварочваў кудысьці ўлева, а наперадзе перад імі цягнулася крывулястая чарада кустоўя і невысокіх дрэў, падобная на прысады дарогі. Каб зразумець нешта, Зоська моўчкі ўгледзелася ў падслепаваты снегавы прыцемак.

— Лес?

— Ды не лес. Котра, глядзі.

— Котра?

— Ну. Во куды выйшлі. Трэба было правей. Цяпер такога крука даваць…

Зоська маўчала. У яе нутры ўсё апала ад гэтай нечаканай весткі — сапраўды, калі тут рэчка Котра, дык яны надта адышліся ўбок і даўно прамінулі Скідзель.

— Цяпер у Скідзель прытупаем ранкам, не інакш, — сказаў Антон.

— Мне ноччу трэба.

— Ноччу, канешне, лепей. Але ноччу ўжо не паспеем. Не, у Скідзель яна не магла прыйсці ўдзень, калі яе пазнае першая цётка на вуліцы, ёй трэба было ў цемры зайсці з боку Азёрскай шашы, знайсці крытую гонтай хату пад ліпай і пастукаць у другое акенца ад вуліцы.

Хвіліну пастаяўшы на ветры, яна адчула лёгкія дрыжыкі ў целе, усё ж сачак яе, напэўна, стаў прамакаць, тым болей што снег пачаў брацца імжой, усё ўжо на ёй было мокрае з хусткі да ног. Антонаў кажух таксама пацямнеў ад макрэдзі, хаця Антон, здавалася, не звяртаў жаднай увагі на непагадзь. Далонню ён абыякава выцер сцюдзёныя кроплі з твару і трубна смаркануўся на снег.

— Ладна. Давай жмі за мной, — сказаў ён, крута павяртаючыся ўправа, у мокрую цемру поля, з якой усё несла і несла па ветры, не зразумець ужо чым — дажджом або снегам.

Пераборваючы ў сабе лёгкую прыкрасць на Антона, які ўсё ж заблудзіўся, Зоська павалаклася следам. Хада па змакрэлым снезе адбірала апошнія сілы, снег ліпнуў да ботаў, мясцінамі яго наваліла шмат, і яна чэрпала яго халяўкамі; схаладнелыя ногі нават на хадзе ўжо не грэліся. Разважыўшы, аднак, Зоська рашыла, што крыўдаваць на Антона не трэба: пры такой завеі ды бездаражы няцяжка заблудзіць кожнаму. Ва ўсякім выпадку яна магла наогул зайсці невядома куды, бо арыентавалася заўжды кепска і ў дзяцінстве часцяком блудзіла па лесе, калі збірала з бабамі ягады. Праўда, там можна было пагалёкаць, паклікаць мамулю або знаёмых скідзельскіх цётак, тут жа не пагалёкаеш, і ніхто табе не адгукнецца. Тут уся надзея на Антона, і добра яшчэ, што ён зразумеў памылку і ведаў, як яе выправіць.

Здаецца, ён сапраўды разумеў, куды трэба ісці далей, бо не мінула і чвэрці гадзіны, як зноў спыніўся каля нейкіх кустоў, пачакаў Зоську.