Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 39

Васіль Быкаў

— Да-а… Ладна, — прамармытаў ён, ступаючы зноў да Дзвярэй, адкуль уваходзіла ў хату Зоська.

Ледзьве асветленыя знізу мільготкім агеньчыкам свечкі, жалобныя твары жанчын зноў павярнуліся да нябожчыцы, з ціхай напеўнасцю загучалі незнаёмыя словы каталіцкай малітвы, і ён адчуў, што трэба затрымацца тут хоць бы на адну хвіліну. Мокрай рукой ён сцягнуў з галавы мокрую ад снегу шапку і маўчаў. Зоська вялізнымі вачыма моўчкі ўтаропілася ў нябожчыцу. Напэўна, трэба было сказаць нешта, прыдатнае ў такім выпадку, але ён не мог прыдумаць, што можна сказаць, і ўсё пазіраў то на свечку, то на мёртвы твар і думаў. Мабыць, гэтую яго збянтэжанасць жанчыны зразумелі па-свойму — адна з іх нячутна крутанулася ў змрок і вярнулася з нечым, прыхінутым канцом фартуха.

— Во, не абяссудзьце на горачка… Не абяссудзьце на горачка…

Яна казала гэта да Зоські, і тая паслухмяна і без слоў узяла ў яе нешта і, слаба піхнуўшы локцем Антона, павярнулася да дзвярэй. Сунуўшы на галаву шапку, Антон з нечаканай палёгкай выбраўся з цёмных сянец на белы ад снегу двор хутара.

— Халера! — сказаў ён, аддаючыся ранейшаму клопату. З начлегам у іх упарта не клеілася.

Ён не ведаў ужо, куды ісці далей, не папытаўся пра тое ў хаце, а зноў вяртацца туды ў яго не хапала адвагі. Уражаная тым, што ўбачыла, Зоська гаротна стаяла побач, прыціскаючы да грудзей голыя рукі.

— Што гэта? — запытаў Антон. — А, хлеб? Ану дай сюды.

Ён узяў з яе рук акраец чэрствага, як камень, хлеба і чатыры звараныя ў лушпінах бульбіны, распіхаў іх па кішэнях, акрайчык засунуў за пазуху.

— Ну? Пойдзем. Можа, яшчэ што натрапіцца.

9

Доўга і амаль навобмацак яны ішлі па голай раўніне поля. Снег, не перастаючы, валіў і валіў у сырых прыцемках. Калені, рукавы і ногі ў Зоські даўно былі мокрыя, і яна думала: хоць бы не прамок сачак, дзе тады пасушыцца? Антон моўчкі з падвойнай энергіяй крочыў і крочыў кудысьці, можа, ведаючы куды, а можа, проста ў ноч, наўздагад. Зоська хацела папрасіць яго збавіць гэты непасільны для яе тэмп, але не адважвалася. Ён і тут ведаў мясцовасць лепш за яе, а галоўнае — лепш арыентаваўся ў гэтай снегавой прасторы, і яна з усяе сілы старалася ад яго не адстаць. Яна прытрывалася ўжо да ветру і не звяртала ўвагі на снег, а толькі ўгінала ніжэй галаву, калі твару рабілася невыносна ад сцюжы. Перад яе вачыма ўсё стаяла жалобная сцэна начных хаўтур на тым хутары. Не першы раз бачыла яна за вайну, як хаваюць нябожчыка, але такія мірныя, «жаночыя» хаўтуры ёй давялося бачыць упершыню. I, здаецца, ніхто там не галасіў, не плакаў, усе засяроджана, з глыбокай верай маліліся, быццам разам рабілі нейкую важную, хоць і малавясёлую справу. I ні аднаго мужыка — толькі бабы. Не, Зоська проста палохалася такіх хаўтур, яны ўражвалі яе сваёй нязвыклай будзённасцю. I, можа, упершыню яна раптам падумала: а якія наканаваны ёй, Зосьцы?