Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 38

Васіль Быкаў

Зоська стаяла каля крайняй вярбы, і Антон не адразу ўбачыў яе, але вось яна нецярпліва падалася да яго, і ён моўчкі махнуў рукой, павяртаючы да грэблі ў завейную імглу поля. Гэты раз ён крочыў рашуча і таропка, не чакаючы Зоську, бо ўжо ведаў, куда трэба ісці, і яму карцела хутчэй апынуцца пад дахам. Зноў жа — хацелася есці. Пах смажанай ежы ды гэтае паліцэйскае гульбішча ў хаце не на жарт абвастрылі яго апетыт.

I сапраўды ён хутка набрыў у полі на радок маладых бярозак, якія роўненька выстраіліся ўздоўж завеянай снегам дарогі, і ўпэўнена павярнуў улева, насустрач ветру. Цяпер ужо не мела значэння, дзе ісці — полем ці па дарозе, і ён пакрочыў уздоўж ледзьве прыкметных у завеі прысадаў. Зоська старалася не адставаць і, угнуўшы галаву, дзе крокам, а дзе і бягом, як-колечы паспявала за ім.

Як ён таго і чакаў, спярша з прыцемкам з’явіліся дзве вялізныя ліпы ў гародзе, пасля зацямнеліся будыніны хутара — хата, гумно, некалькі хляўкоў каля хаты. Хутарок гэты, як памятаў з восені Антон, не кідаўся ў вочы заможнасцю, ды і хатка мела даволі бядняцкі выгляд — урослая ў зямлю пяцісценка з нізенькімі квадратамі акенцаў. Тады тут калупаўся дзед з некалькімі немаладымі жанчынамі, мужчын у той раз, калі яны сюды заязджалі, не было відаць, і яны ні аб чым не пыталіся ў гаротнага, са зблытанай барадой старога, бо не думалі калі-небудзь паявіцца тут зноў.

Аднак Антон паявіўся.

Касабокія вароты ў плоце былі зачынены і нечым завязаны знутры, Антон, не спрабуючы адчыніць іх, пераскочыў цераз верхнюю жэрдку плота, дапамог пералезці Зосьцы. Тут ён амаль не баяўся нікога: на гэтым Богам забытым хутары наўрад ці хто мог быць старонні. Добра яшчэ, калі тут наогул хто-колечы будзе. Зрэшты, гэта цяпер не мела значэння, ім трэба было перш за ўсё захінуцца ад ветру і трохі аддыхацца ад гэтай начной завеі.

Прыземістая хата пад вялізнаю шапкай страхі з дрывотняй каля хлеўчука спаткала іх глухой цішынёй і бязлюддзем, з вокнаў нідзе не прабівалася ні плямкі святла, можна было падумаць, што хутар даўно пакінуты і нідзе нікога няма. Але Антон невыразна адчуваў нейкія адзнакі жыцця, хтосьці там быў, хоць і нічым не выдаваў гэтай сваёй прысутнасці. Так ціха і неўпрыкмет жывуць і дажываюць на свеце старыя — самі ў сабе, ціха, малапрыкметна для старонняга вока.

Зоська след у след тупала ззаду, Антон моўчкі ўзышоў на каменныя прыступкі ганка і піхнуў дзверы ў сенцы. Дзверы, як ён і чакаў, лёгка адчыніліся, выцягнуўшы рукі, ён прамінуў цёмны прастор сяней і неўзабаве намацаў дзверы ў хату. Адчыніўшы іх, адразу пераступіў высокі парог, ды так і застаўся стаяць у прынесеным з сабой белым воблаку сцюжы.

З трохі падсветленага свечкай паўзмроку да яго павярнулася некалькі твараў жанчын у цёмным адзенні, іх складзеныя на грудзях рукі раптам замерлі, вымаўленая ціхім голасам маліцвенная фраза перапынілася на паўслове. Антон перавёў позірк ніжэй і са страхам ці агідай зірнуў на жоўты, зморшчаны тварык у дамаўі, забыўшыся зачыніць дзверы і ўжо выразна разумеючы, што з’явіўся сюды недарэчы.