Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 37

Васіль Быкаў

Толькі яны ўзышлі на невысокі насып пад вербамі з белаю гладдзю сажалкі побач, як раптам зусім блізка наперадзе ўбачылі купу будынін: пад нізкім аснежаным дахам цямнела сцяна хлеўчука, заснежанае голле дрэў угары. Трошкі далей за плотам цьмела, напэўна, хата, страха яе была вышэй, чым хлеўчукова, з бліжэйшага да вугла акенца выбівалася слабая плямка святла; данёсся дзіўнаваты ўночы, нейкі рыплівы гук. Калі гук паўтарыўся на болей высокай ноце, Антон здагадаўся, што гэта іграў гармонік. Засцярожліва варухнуўшы рукой да Зоські, ён спыніўся за дуплістым камлём аблепленай снегам вярбы. Пах дыму стаў тут выразней, але гармонік, здаецца, прыціх; данёсся і абарваўся зводдаль нечы прыглушаны смех.

— Ану пачакай. Я зараз, — ціха кінуў Антон Зосьцы, а сам асцярожна скіраваў да хаты, беручы трошкі ўбок, каб наблізіцца да яе з гарода.

У твар ляпіў снег, які не даваў як след разгледзець жытло, ды ўжо Антон здагадаўся, што ў хаце ідзе гульбішча, значыцца, немцаў у вёсцы няма. Але ці ўдасца тут неўпрыкмет прыдбаць дзе начлег, ён не ведаў. Мабыць, трэба было спаткаць каго-небудзь з тутэйшых ды пагутарыць з ім. Або хоць бы дазнацца, як завецца вёска і якая абстаноўка ў іншых вёсках паблізу.

На двары, аднак, не было нікога, на хвіліну ён стаіўся за вуглом хлеўчука, услухаўся ў прыглушаны гоман у хаце. Адначасова чулася некалькі мужчынскіх галасоў, зрэдку між імі раздаваўся жаночы смех, але пра што ішла гамана, зразумець было немагчыма. Счакаўшы хвіліну, Антон асцярожна перабег ля паркана і прыцяўся спіной да шурпатых бярвенняў хаты.

Праз адталую шыбку ў дол падала расплывістая пляма святла, у якой белымі матылямі несліся з цемры і асядалі сняжынкі. Галасы за сцяной сталі гучнейшыя, ён ужо злавіў некалькі ўрыўкаў фраз (да некага звярталіся, называючы яго «пан Юзік»), і зноў зайграў гармонік. Раптам святло ў акне прыцьмела, амаль знікла, на снезе пад акном засталася толькі касая яго палоска, якая то шырылася трошкі, то зусім знікала. Антон зрабіў крок ад сцяны і асцярожна зазірнуў у акно.

За рамай на падаконніку цьмяна паблісквала шкло, пэўна, пустой бутэлькі, побач стаялі міскі з закускай, за імі чарнелі нечыя шырокія мужчынскія плечы. Гэтыя плечы раптам хіснуліся, падаліся ўбок, і ў акне, прыкрыўшы святло, з’явіўся на падаконніку локаць. Антон міжвольна адхіснуўся ад гэтага блізкага за шклом руху, у апошні момант ухапіўшы позіркам штосьці знаёмае на рукаве… Зноў зазірнуўшы з-за ліштвы, ён ціха пра сябе вылаяўся — на цёмным рукаве паддзёўкі святлела знаёмая паліцэйская павязка.

Антон прыхінуўся да бёрнаў сцяны, паглядзеў за вугал. Ісці ў гэты двор не мела ўжо сэнсу, мяркуючы па ўсім, там пілі паліцаі або нехта з удзелам паліцаяў, што таксама не лепей. Трэба было шукаць іншае месца.

Па сваіх, ужо ледзьве прыкметных у снезе слядах ён хутка перайшоў за хляўчук і пад прыціхлыя гукі гармоніка пакрочыў да недалёкіх вербаў. I раптам ён ярка прыпомніў, што некалі ўжо бачыў гэтыя пахілыя вербы і сажалку, мабыць, у верасні яны праязджалі тут з Кузняцовым, Антон яшчэ хацеў напаіць каня ў сажалцы, але Кузняцоў спяшаўся і не даў спыніцца. Праўда, ён не ведаў, як называецца вёска, але цяпер ужо і так зарыентаваўся і прыпамятаў, што недалёка быў лес, а наўкось ад яго ручэй і далей хутар, да якога вяла з вёскі абсаджаная бярозкамі наезджаная палявая дарожка.