Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 36

Васіль Быкаў

Ён азірнуўся на схіле — Зоська ўсё адставала і калі дагнала яго, Антон ціха сам сабе засмяяўся — так яе пераўтварыў снег, што паналіпаў на галаву, грудзі і плечы. Антон пачаў моўчкі змятаць яго з Зоські, і тая, паварочваючыся, слушна падстаўляла сябе пад нямоцныя ўдары яго далоні.

— Замарылася?

— Трошкі…

Увесь дзень Антон наважваўся загаварыць з ёй, падбіраў зручны момант, настрой і прыглядаўся да абставін, каб сказаць ёй тое галоўнае, дзеля чаго ён апынуўся з ёй разам. Але, як наліха, абставіны мала спрыялі такога роду гаворцы: замінала то небяспека паблізу, то прысутнасць чужых людзей побач. Ён мусіў перапыняць сябе на паўслове і чакаць болей спрыяльнага моманту. I Антон чакаў, з затоенай трывогай пазіраючы на спадарожніцу — то заклапочаную, то спалоханую, а цяпер во яшчэ і змораную гэтай снегавой дарогай. Яны пратупалі ад Нёмана, можа, кіламетраў дзесяць, нідзе не напаткаўшы жылля, і Антон не мог даўмецца, дзе тут магла быць якая-колечы вёска. Гэты лесавы раён на паваротцы Нёмана ён быццам ведаў някепска, летам выездзіў яго ўдоўж і ўшыркі, але цяпер не пазнаваў нічога — так змяніла яго завея. Праўда, сам ён не надта стаміўся і мог бы ісці доўга, аднак яму шкада было Зоську. Хаця тая і не наракала на стому, але Антон бачыў, як нялёгка даводзілася ёй на ветры, у лёгкай вопратцы і мокрых з той ночы ботах.

Тым часам неяк раптам зрабілася цёмна, дзень неўпрыкмет скончыўся. Праўда, ноч абяцала быць відная ад свежага снегу на зямлі, але завея ўсё не сціхала, і нічога не было відаць. Можа, так яно і лепш, думаў Антон, ніхто іх не ўбачыць у гэтым завейным полі. Але і яны не шмат маглі згледзець і брылі амаль што навобмацак, кожную хвіліну рызыкуючы наткнуцца на нечаканасць.

Усё напружана ўзіраючыся наперад, Антон убачыў у мільгаценні завеі некалькі тэлеграфных слупоў паблізу — пэўную адзнаку дарогі. На іх шчасце, дарога ляжала пустая, яны таропка перабеглі яе па слізкім пад снегам бруку, стараючыся адысціся як мага далей. Але за дарогай пад нагамі аказалася засыпаная снегам ралля ці, можа, ускапанае бульбяное поле, ісці па якім было пакутай, і Антон павярнуў наўкось ад ранейшага свайго кірунку. Калі наперадзе зацьмела нешта шырокае, ён падумаў, што наткнуўся на ўзлесак, але падышоў бліжэй і ўбачыў шэраг нахіленых у розныя бакі вербаў, што стаялі на гаці..Прыглядаючыся да іх, Антон міжвольна пацяг у сябе носам і разам са звыклым пахам мокрага снегу адчуў смачны пах ежы.

— О, сала! — сказаў ён, спыняючыся ў некаторым нават здзіўленні. — З цыбуляй…

Зоська таксама спынілася, яны памаўчалі, прыслухаліся, і Антон зразумеў, што не памыліўся. Сапраўды, вецер хутка данёс і пах дыму, значыць, дзесьці ў тым баку была вёска ці, можа, хутар, напэўна, яны б далі прытулак. Антон крута павярнуў да вербаў.