Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 35

Васіль Быкаў

— Нічога, датупаем, — бадзёра сказаў Антон, павяртаючыся тварам да ветру.

Кепска, канешне, што яны не разлічылі свой шлях, змарнавалі час на пераправе праз Нёман і сёння не маглі дабрацца да Скідзеля, куды з самага ранку так імкнулася Зоська. Зрэшты, Зоську можна было зразумець: у яе заданне, розныя тэрміны і дзе-небудзь у ціхай напаленай хаце — самотная адзінокая маці. Але не меней, чым Зосьцы, Скідзель патрэбны быў і Антону, хаця ў яго не было там ні маці, ні якога-небудзь задання. Праўда, з нейкага часу там аб’явіўся ягоны стары, яшчэ барысаўскі сябра Жорка Капыцкі, хуткая сустрэча з якім цяпер не на жарт хвалявала Антона. Ведама, яны былі сябрамі, і Антон меў нейкую надзею на яго, але хто ведае, які стаў Капыцкі за тыя пяць або шэсць месяцаў, каторыя яны не бачыліся. Мабыць, маючы нейкую ўладу ў Скідзелі, ён, калі б схацеў, мог бы памагчы Антону. Але ці паможа — во ў чым загвоздка. Тым больш што той з’явіцца да яго не адзін, а з гэтай во сімпатычнай малышкай, на якую ў яго былі свае планы. Антон ужо разумеў, што ў жахлівую пару вайны людзі, як ніколі раней, здольны крута мяняць свае погляды, і ўчарашні сябра вельмі нават проста можа аказацца ворагам. Гэта дурань Антон, некалі зважаючы на старое сяброўства, памог Капыцкаму ўладкавацца ў сакрэтную спецгрупу, якую фарміравалі для засылкі ў дальні тыл немцаў, і яны разам прыбылі на Беласточчыну. Праўда, пасля іх шляхі разышліся, але тут ужо Антон ні пры чым, тут ва ўсім вінаваты Капыцкі.

У тым, што яго цяперашні шлях так здатна супаў з Зосьчыным выхадам, Антон гатовы быў бачыць шчаслівы знак свайго ваеннага лёсу. Іх сённяшняя пераправа праз Нёман, якая болей за ўсё іншае турбавала Антона, прайшла ўвогуле добра, на заставе не спатрэбілася нічога тлумачыць, памагла Зоська. Мабыць, для Зоські ён штосьці ўжо значыў, калі яна паставілася да яго так прыязна, асабліва пасля іх малапрыемнай размовы каля бабровай запруды. Зоська — не Капыцкі, думаў Антон, маючы амаль цвёрдую ўпэўненасць, што яму пашэнціць з гэтай разведчыцай. Яшчэ ніводная дзеўка, на якую ён кідаў вокам, не грэбавала ім, Антон ведаў сілу сваёй прывабнасці і ўмеў пакарыстацца ёю, калі толькі гэта было яму трэба. Цяпер Зоська стала яму надта патрэбнай, і Антон спадзяваўся, што калі пастараецца, дык усё задуманае ім збудзецца. Толькі б не падвёў Капыцкі.

Прыкідваючы кірунак у полі, ён упарта ішоў супраць ветру і думаў, што калі да Скідзеля сёння ім не дайсці, дык трэба паклапаціцца аб начлезе. Тым больш што кароткі дзень памалу канчаўся, неба на ўсходзе змерклася, здаецца, пачынала цямнець. Яны спусціліся ў лагчынку з кустоўем, Антон трохі ўзяў у абход, каб не лезці ў калючы гушчар, цяпер у голым полі было зручней. Нямоцны ўдзень марозік пад вечар пачаў зусім адпускаць, на хадзе стала цяплей, нават душна пад кажушком. Але Антон з непрыемнасцю заўважыў, што вецер усё болей паварочваў з захаду, адкуль ён заўжды прыносіў адлігу і непагадзь. Сухія крупчастыя сняжынкі ў паветры сталі бухматыя і раставалі на твары, рукавы і полы кажушка хутка зачарнеліся ад вільгаці. Антон зачэрпнуў з долу жменю свежага снегу, пакамячыў у далонях — снег ужо ляпіўся, і ён падумаў, што ноччу, мабыць, ударыць адліга, якая дашчэнту спляжыць іх палявы шлях. Як бы не давялося выходзіць на дарогу.