Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 34

Васіль Быкаў

— Фу! — з палёгкай выдыхнула Зоська. — Ну і нацярпелася страху.

— Які тут страх? — здзівіўся Барматухін. — Хіба тут страшна?

Антон першы выскачыў на бераг, дапамог выйсці Зосьцы.

— Ну, перавозчык, дзякуй табе, — сказаў ён.

— Няма за што, — бойка і, мабыць, звыкла адказаў Барматухін. — Вы, гэта самае, направа не хадзіце, там вёска. I па беразе не ідзіце: небяспечна па беразе.

— Гэтак? Ды што ж нам — па паветры, ці што? — здзіўлена пажартаваў Антон.

— Не, не па паветры, — сур’ёзна адказваў Барматухін, стоячы ў лодцы і старанна хукаючы на свае скалелыя рукі. — Вунь на дрэва трымайце. Там скора лес будзе.

— Ну што ж, пойдзем на дрэва, — пагадзіўся Антон.

— А будзеце вяртацца, во тут у лазе лодку знойдзеце.

— Ясна.

Яны палезлі ад ракі на некруты, але слізкі ад снегу бераг, а Барматухін, трохі адплываючы ў ціхай вадзе, усё дзьмуў на свае азяблыя пальцы.

— А як завуць цябе? — азірнулася з абрыву Зоська.

— Барматухін.

— А імя, імя як?

— А, імя… Ды Валодзька імя.

«Дай Бог табе вырасці, — падумала Зоська. — I яшчэ перавезці нас на той бок».

8

Нёман застаўся ззаду, яны нядоўга паазіраліся на яго, ідучы полем, хаця ракі ўжо не было відаць. Амаль не стала відаць на тым беразе і лесу; знік, патануў між берагоў Астравок; памаячыла здаля і прапала нейкая вёсачка ніжэй вострава. Пайшоў снег. Шэры палявы прастор навакол усё болей цямнеў, затканы бялявай смугой завеі. Неўзабаве амаль нічога не стала відаць, трэба было добра напружыць зрок, каб за мільготкаю сеткай сняжынак згледзець які-небудзь прыцьмелы ў полі куст ці адзінокае дрэўца на ўзмежку. Усчаўся вецер. Часам яго шалёныя парывы так моцна шыбалі ў грудзі, што забівалі дыханне, і Антон на хвіліну адварочваўся, падстаўляючы ветру шырокую, у кажуху спіну.

— Во, халера, як раз’юшыўся!..

Зоська паднімала насустрач расчырванелы ад ветру твар з наліплымі да яго мокрымі сняжынкамі, якія заляпілі таксама ўсю яе хустку, пасму валасоў на лобе, густа замуравалі касмылявую шчэць яе плюшавага сачка. Яна спрабавала ўсміхнуцца, хістка заграбаючы ботамі ў снезе і не трапляючы ў шырокія Антонавы сляды.

— От жа халера! Ішлі па лесе, дык ціха было. А ў голым полі як задуло! — пракрычаў праз вецер Антон. — Замерзла, малеча?

— Не-а, — сказала Зоська і ўсміхнулася астыглымі вуснамі.

— Табе калі трэба ў Скідзель? Заўтра?

— Сёння ноччу.

— Сёння не выйдзе. Адсюль да Скідзеля кіламетраў шаснаццаць.

— Так далёка? — здзівілася яна, таксама павяртаючыся спіной да ветру. I праўда, увесь час ісці полем было пакутай, а дарогі яны абміналі, усё ж тут — не на тым баку Нёмана. Тут ваўсю гаспадарылі немцы і іхнія халуі паліцаі. У адным, аднак, ім пашэнціла — завея памагала прайсці незаўважна і гладка раўняла ззаду сляды. Калі б толькі не гэты шалёны вецер.