Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 33

Васіль Быкаў

— А! — расчаравана выдыхнуў хлопец. — Бытта няведама, па што за Нёман ходзяць. Абы варочаліся.

— Як-небудзь пастараемся, — сказала Зоська.

— Во-о! Так усе гавораць. Толькі не ўсе варочаюцца. У нядзелю перавозіў шасцярых, два разы лодку ганяў. А ўчора вяртаюцца трое. I то адзін нежывы. Застрэлены.

— Барматухін! — зноў спыніў яго Петракоў. — Памаўчы лепш.

— Ды я — калі ласка, — з гатоўнасцю пагадзіўся падлетак і ўстаў. — Ну дык пайшлі хіба?

Ямчэй захінуўшы на грудзях свае надзетыя адзін на адзін пінжачкі, ён тужэй падперазаўся брызентавай, ад вайсковых штаноў, папружкай і нагой піхнуў лёгкія дзверы. Яны адзін за адным выйшлі на вузенькую прыступку каля парога. Зоська, азірнуўшыся, сказала Петракову:

— Як-небудзь папраўляйцеся, дзядзька.

— Ды дзякуй, — без асаблівай удзячнасці азваўся Петракоў.

Пасля дымнага цяпла зямлянкі на дварэ іх адразу ж ахапіла сцюжай, пранозліва дыхнуў з ракі вецер, Зоська дробненька здрыганулася. Але Барматухін ужо бег па сцяжынцы да берага, і яны рушылі следам. Зоська ўся ўнутрана сцялася, пазіраючы на ледзяны крыгалом на рацэ, цераз якую ім трэба было пераправіцца.

Барматухін тым часам з хрупасткім шоргатам абламаў тонкі ледзяны закраек ля берага, спіхнуў з водмелі пласкадонку і прытрымаў яе за драўляны нос.

— Залазьце.

Антон лёгка і ўпэўнена сігануў цераз борт, падаў руку Зосьцы, і тая са страхам няспрытна ўлезла ў лодку, на дне якой плёскалася вада і плавалі празрыстыя кавалачкі лёду.

— Праходзьце далей. Адзін на карму, другі на сярэдзіну. I сядайце, сядайце! Стаяць не можна! — звыкла распараджаўся Барматухін. Калоцячыся ад сцюжы і страху, Зоська апусцілася на мокрую папярэчыну, Антон прысеў на карме. Барматухін паднатужыўся, адпіхнуў лодку ад берага і ў апошні момант спрытна ўскочыў у яе сам.

Зоська ледзьве жывая сядзела на папярэчыне, з усяе сілы трымаючыся рукамі за мокрыя бакавіны лодкі, якая пагрозліва зазыбалася, выцялася носам аб крыгу, але на дно не пайшла і нават не зачэрпнула вады. Стоячы на карме, Барматухін спрытна працаваў вяслом, ва ўсе бакі круцячы сваёй круглай у кепцы галавой. Паволі лодка паплыла ад берага, пасля яе імкліва падхапіла цячэнне і, на вялікі страх Зоські, хутка панесла між крыгаў. Але Барматухін таксама тут не шманаў — размахваючы вяслом, то гроб, то адштурхоўваўся ад цяжкіх крыгаў, адпіхваючы іх далей ад лодкі. Разы два крыгі ўсё ж здорава грукнулі ў борт, вада ў лодцы плёхнулася, Зоська яшчэ мацней учапілася ў дошкі бартоў, у яе кружылася галава, а лодка здавалася такой ненадзейнай, што проста дзіва было, як яна яшчэ трымаецца на паверхні ў гэтым калаўроце крыг і вады. Але лодка трымалася, і Барматухін яшчэ неяк кіраваў ёю — наўкось да процілеглага, у лазняках, берага. Пераадолеўшы першы спалох, Зоська нясмела азірнулася — нізкі пясчаны астравок і лясны бераг з прамоінай прыкметна аддаляліся, ужо ледзьве стала відаць сцяжынка на абрыве, і зусім прапала за выступам Петракова зямлянка, наўкола шырока разлёгся вадзяны прастор, і бясконцыя чароды крыг імкліва праносіліся міма. Але ўрэшце і сярэдзіна ракі засталася ззаду, лодка ўвайшла ў болей спакойную ўзбярэжную плынь. Тут крыг стала меней, яны ледзьве плылі, раскручваючыся амаль на адным месцы, і ў Зоські палягчэла на сэрцы. Рухава распіхваючы лёд вяслом, Барматухін прывёў лодку ў хмызняк, дзе яна супакоена торкнулася нарэшце ў падмыты край берага.