Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 32

Васіль Быкаў

— У вас горла баліць, ага?

— Ды ўжо баліць, — адказаў ён, не адрываючыся ад свайго занятку. — Застудзіў і вот… Відаць, дакашляю гэту зіму.

— Ну чаму вы так! — здзівілася Зоська, адчуўшы ў ягоным голасе тужлівыя ноткі. Петракоў толькі махнуў рукой.

— А, усё роўна. Чым жысць такая…

Антон нецярпліва рэзка ўстаў з лаўкі і, сагнуўшы галаву пад нізкаю столлю, зірнуў праз няшчыльна прычыненыя дзверы, з якіх усё несла ветрам і сцюжай.

— Ну дзе ж твой Барматухін? Ці, можа, ты перавязеш?

— Барматухін перавязе. Ён цяпер перавозчык. Антону яўна тут не сядзелася, ды і Зоська ледзьве трывала ў гэтай прагорклай ад дыму зямлянцы. Цяпер яе, праўда, расчуліў спакутаваны выгляд Петракова, і ёй стала шкада хворага чалавека.

— Дык, можа, лякарства трэба якое? Можа, вам мёд памог бы? — сказала яна, настылымі рукамі пагладжваючы прыгрэтае ля печкі калена.

— Якое лякарства! Мне ўжо нішто не паможа, прыйдзецца таго… Сухоты ў мяне, — проста паведаміў Петракоў і змоўк, глыбока засунутай у халяву рукой мацаючы канец дратвы.

Зоська збянтэжылася. Яна не ведала, што ў такіх выпадках можна сказаць чалавеку, чым суцешыць яго. Ды і ці трэба суцяшаць наогул?

Сабачка, які быў недзе знік, радасна заскавытаў па той бок дзвярэй, Антон зірнуў праз акно і адступіўся. Дзверы шырока расчыніліся, і ў іх паявіўся, відаць, вельмі азяблы хлапчук з худзенькай шыяй і ў сямі нейкіх неахайна захінутых на грудзях апранахах. На яго галаве, глыбока насунутая на вушы, сядзела шэрая паношаная кепка з гузічкам наверсе.

— Сігнал давалі, дзядзька Мікалай?

— Даваў, як жа. Во перавезці, — паказаў позіркам на гасцей Петракоў, і Зоська здагадалася, што ўрэшце прыйшоў Барматухін. А яна думала, што гэта будзе чорны мужык з барадой. Хлопец, аднак, увайшоў у зямлянку і прычыніў за сабой дзверы, за якімі тоненька віскатаў сабачка.

— Закалеў. Такі вецер усчаўся…

— «Сала» ўсё прэ? — запытаў Петракоў.

— Яшчэ болей стала. Такія крыгі — ого!

— Стане Нёман, — рашыў Петракоў. — Хужы дзела будзе.

— А нам хужы не будзе, — сказаў Барматухін.

Ён прысеў перад печкай, працяг да агню скорчаныя ад сцюжы рукі, і Зоська падумала: як жа ён іх пераправіць у такі ледаход? А раптам аб лодку стукнецца крыга, і яны апынуцца ў вадзе. Але Нёман — не балотная рэчка, адсюль не так проста выбрацца на бераг. Яна са страхавітым клопатам пазірала на Петракова і хлопца, якія быццам і не думалі аб тым. Барматухін, усё трымаючы ля агню настылыя рукі, павярнуў да яе востранькі, з пасінелым носам, тварык і нібы падміргнуў нават.

— На сувязь? У разведку?

— Барматухін! — са зморанай строгасцю прыкрыкнуў Петракоў. — Табе што? За чым нада, за тым і ідуць.