Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 23

Васіль Быкаў

— Няма чаго гараваць! — падбадзёрыў ён і паклаў вялікую руку на яе плячо. — Пайшлі!

Мусіць, каб канчаткова вывесці яе з панылай заклапочанасці, ён жартам скалануў бліжнюю бярозку, і цэлае воблака сняжынак сыпанула на абаіх. Зоська знячэўку здрыганулася, але не ўсміхнулася нават, і ён надзеў рукавіцу і няхутка пайшоў між зарасніку, пракапваючы ботамі глыбокі след у засыпанай снегам траве.

6

Антон ведаў: тут недзе была дарожка, месяц назад ён вяртаўся па ёй з Зарэчча, але цяпер дарогі нідзе не было відаць; проста рабілася дзіўна, куды яна магла знікнуць? Па слізкім ад снегу травяністым схіле яны ўзабраліся да хваёвага ўзлеску, трохі прайшлі між сасонак і, не згледзеўшы дарогі, крута павярнулі ўбок. Але дарогі ўсё не было, а неўзабаве іх шлях упёрся ў шырокі развалісты роў. Спыніўшыся над яго абрывістым берагам, парослым кустамі ляшчынніку, Антон пачакаў Зоську.

— Дзесь дарога была. I няма.

— Папытаць… — зморана вымавіла Зоська і змоўкла, мусіць, даўмеўшыся: у каго тут было папытаць?

Ведама, дарога, — не іголка ў сене, недзе яна знойдзецца, але Антону шкада было часу, нямала якога было патрачана на гэта дурное блуканне, калі наперадзе яшчэ столькі небяспек і клопату. Праўда, ён мог бы ісці і хутчэй (наогул ён хадзіў хутка), але Зоська пачала адставаць, усё ж яе кароценькі крок не параўнаць было з яго крокам у метр. Дзяўчына нарэшце, відаць, угрэлася, светлыя пасмачкі яе валасоў выбіліся з-пад цёплай хусткі і прыліплі да спатнелага лоба, твар расчырванеўся і макава гарэў ад стомы.

Антон пастаяў, падумаў, але ў роў не палез — пайшоў па-над берагам, збіваючы ботамі снег з нізенькіх кустоў ядлоўцу. У лесе стала цяплей, вецер сціх, толькі голае вяршалле ляшчынніку ціхенька пагойдвалася на тым схіле рова. Высокія хвоі з далікатна аснежаным голлем разважна шумелі ўгары. Канешне, ён ведаў напрамак і мог ісці на Астравок праз лес, наўпрасткі, без дарогі, але ўсё ж да Астраўка было кіламетраў восем, і ён пашкадаваў Зосысу. Напэўна, недзе паблізу, можа, нават у тым месцы, дзе канчаўся роў, і была дарога, не магла ж яна праз зямлю праваліцца.

Яны, аднак, яшчэ не дайшлі да канца гэтага рова, які патроху мялеў, як Антону здалося, што дзесь чуецца голас. Ён спыніўся, паслухаў, азірнуўся на Зоську — тая таксама насцярожана прыслухоўвалася. Неўзабаве іх слых вылучыў у лясным пошуме некалькі невыразных гукаў — несумненна, дзесьці паблізу нягучна размаўлялі людзі.

— Ты пастой тут, — ціха сказаў Антон Зосьцы, а сам памалу пайшоў ад рова ў глыб лесу.

Сосны раслі не густа, між іх голых камлёў было б далёка відаць, калі б не густаватыя зараснікі ядлоўцу і хвойнага падросту, які прывольна раскінуўся на ніжнім ярусе лесу. У гэтым сухім зімовым бары падрост быў неблагім сховішчам на выпадак чаго, Антон лёгка маскіраваўся ў ім, тупаючы ад куста да куста, ненадоўга спыняючыся і слухаючы. Галасы часам знікалі зусім, але вось зноў пачуліся трошкі ўбаку, і Антон затаіўся за патрэсканым камлём сасны. Непадобна, каб тут былі немцы або паліцаі, падумаў ён, хутчэй за ўсё сяляне ці, можа, партызаны з суседняга атрада Варашылава. Але цяпер ён не меў ніякага жадання сустракацца ні з кім. Ды і Зосьцы такія сустрэчы маглі толькі пашкодзіць, ім трэба было трымацца як мага далей ад людскога вока.