Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 25

Васіль Быкаў

— Ды вунь са Сцяблёўкі.

— Ну, са Сцяблёўкі мы, — пацвердзіла маладзіца. Прымак маўчаў, насуплена, з-пад ілба вывучаючы няпрошанага ляснога госця.

— А ён таксама са Сцяблёўкі? — запытаў Антон, кіўнуўшы ў ягоны бок.

— Таксама, ага. Мужык мой, — заўсміхалася маладзіца, і спакуслівыя ямкі азначыліся на яе ружаватых шчоках.

— I даўно мужык?

— Не-а. Вунь на спаса ажаніліся.

— Панятна, — сказаў Антон і, зірнуўшы на прыкрытую палой кажушка зрэбную сумку з харчамі, падумаў: пачастуюць ці не? Хаця, напэўна, пакуль не вызнаюць, хто ён — пан ці таварыш, — пачастунку не будзе.

Але ён не спяшаўся вызначаць сябе, ён глядзеў на маладзіцу з сімпатычнымі ямкамі на шчоках і на яе мужычка, зусім яшчэ маладога хлопца, які, калі б не вайна і некаторыя звязаныя з ёй абставіны, напэўна, яшчэ пачакаў бы жаніцца. Маладзіца ж з такой закаханаю лагодай пазірала на яго, што Антон адчуў зайздрасць. Халера на іх — ідзе вайна, людзі гінуць, пакутуюць, а гэтыя вось жэняцца і нават падумалі мяняць падрубу. Не пудлуе, аднак, гэты хлопец у паддзёўцы.

— Ну еш, еш, Пецечка. На во табе з любавінкай, — хатнім галаском прымаўляла маладзічка перад сваім Пётрам. Антон адвярнуўся.

— А Сцяблёўка гэтая ваша дзе? У якім баку? — запытаўся ён у барадатага.

— А во акурат на ўзлессі. Во тут недалёка.

— А туды што будзе? — кіўнуў ён у той бок, дзе знікала не кранутая санным следам дарога.

— А туды Замошша, Гузы… Пасля гэта, як яе… — забыўся барадаты.

— Ну, Суглінкі яшчэ, — падказала маладзіца.

— Ды не, не Суглінкі, Суглінкі вунь дзе, убаку. А туды Загладзіна, во!

— I Загладзіна, і Суглінкі, і Астравок — усё ў тэй старане, — настойвала на сваім маладзіца, не злазячы з саней. Яе прымачок пачаў моўчкі жаваць хлеб з салам, усё яшчэ кідаючы засцярожлівыя позіркі на Антона. Антон зразумеў ужо, у якім напрамку трэба было ісці, і, каб не выдаць свайго намеру, пра вёскі перастаў пытацца. Запытаўся аб іншым:

— Чужыя ў вёсцы ёсць?

Барадаты з прымаком зірнулі адзін на аднаго, маладзічка кальнула яго недаўменным позіркам.

— Так ета, знаеце, пан-таварыш, — пачаў барадаты. — Ета як палічыць. Калі… Калі немцы, дык няма бытта, а паліцэйскія бываюць. I парцізаны бываюць…

— Панятна, — сказаў Антон. — Далі б хлебца, ці што.

— Ай, дык жа ў саміх мала, — зазірнула ў сумку маладзіца, але дастала акраец і, адрэзаўшы ад яго невялікі кавалак, падала яму.

— А сальца не будзе?

— Ну якое яшчэ вам сала! Самім во па кавалачку.

— Маня, дай чалавеку, — з добрасцю падказаў барадаты, і Маня, не вымаючы рук з сумкі, адкроіла там даўгаватую лусту белага сала.

— Во цяпер дзякуй, — сказаў Антон.

– Ізвіняйце. Мы гэта самае… Думалі, — пачаў і няпэўна замоўк барадаты.

Ні чарта вы не думалі, падумаў Антон, пашкадавалі проста. Не патрабуеш, дык і не дадуць, гэта ён засвоіў даўно. Ён зняў рукавіцу і запхаў хлеб з салам у кішэню кажушка. Барадаты, невялічкага росту мужычок знізу ўгару адкрыта, без страху пазіраў на Антона, відаць па ўсім, не супраць паразмаўляць са свежым чалавекам у лесе. Ён толькі не мог, пэўна, даўмецца, хто гэты чалавек і як трэба весці размову. Нарэшце мужычок не стрымаўся: