Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 21

Васіль Быкаў

— Напэўна, змёрз? Давай прабяжым, — прапанавала яна, але Антон не згадзіўся і нетаропка падняўся з берага, старанна выцер аб снег запэцканыя ў гразі рукі.

— Сагрэюся. Мароз невялікі.

— Куды цяпер — не зразумею нават. Пушча там быццам, так?

— Там, — пацвердзіў ён. — Недзе тут павінна быць дарога. А табе куды — на Астравок?

— Ага, на Астравок. Дазорцаў сказаў. Там хлопцы на заставе перавязуць цераз Нёман.

З гэтага боку рэчкі куп’сты балотны бераг густа зарос кустоўем, сярод якога ледзьве не да калень тапырылася ссохлая, перасыпаная снегам трава, і яны ішлі, пракладваючы паміж кустоў і купін дзве пары глыбокіх слядоў. Напэўна, гэтыя сляды трэба было б маскіраваць неяк, але Зоська не ведала, як тут іх можна было замаскіраваць, і не здзівілася, калі Антон загадаў:

— Ты ідзі за мной. Каб у адзін след.

— Правільна.

Балота ўсюды добра прамерзла і няблага трымала чалавека, у траве было суха, дробныя лужыны павымярзалі да дна, і пад нагамі часам хрумсцела — нятоўсты лядок лёгка ламаўся ў траве.

— Зося! — нейкім асаблівым голасам сказаў раптам Антон і азірнуўся. Яна ледзьве не наткнулася на яго ззаду і спынілася, пазіраючы ў яго заклапочаны, нават азмрочаны чымсьці твар. — Зося, я павінен табе сказаць…

— Што?

— Знаеш… Я ў самаволцы, — сказаў ён і ўважліва паглядзеў на яе. Яна не зразумела нічога.

— У якой самаволцы? У разведцы…

— У тым-та і справа, што не ў разведцы. Я схлусіў табе. Мяне ніхто не пасылаў, я сам…

— Як сам?

— Сам. Як дазнаўся, што ты ідзеш на такую справу… Не вытрымаў. Ну і во…

Падняўшы высока бровы, Зоська стаяла і няўцямна глядзела ў яго азмрочаны перажываннем твар, і сэнс яго слоў не адразу даходзіў да яе свядомасці. У самаволцы? Чаму ў самаволцы? Чаму яна пайшла і ён не вытрымаў? Але вось пачала разумець нешта, і блытанае пачуццё спагады і спалоху ахапіла яе.

— Што ж ты нарабіў?

— Во нарабіў, — развёў ён рукамі. — Цяпер позна перарабляць.

— Не, табе трэба вярнуцца! — спахапілася яна. — Што ты! Цябе ж за такую справу…

— А цябе? — з нейкай незразумелай пераконанасцю перапыніў ён яе. — Ты ж у першай вёсцы ўліпнеш. Прападзеш за нішто.

— Чаму? — яшчэ болей здзівілася Зоська.

— Чаму? Табе растлумачыць, чаму? Што ты ўмееш? Пералезці цераз рачулку ты ўмееш? Ашукаць паліцая ўмееш? На дакумент свой спадзяваешся? Дык першы ж бобік усё адразу сцяміць. Ану дай твой аўсвайс!

Не могучы перасіліць сваю збянтэжанасць, яна сунула руку за пазуху і са спецыяльна прышытай для таго кішэні ў сачку дастала паламаную кніжачку аўсвайса.

— Ну во! — адразу расчаравана прамовіў ён. — Хто так дакументы носіць? Хіба вясковыя дзеўкі так аўсвайсы свае хаваюць? Трэба было абгарнуць у паперку ды завязаць у кужэльную трапачку. Ды схаваць пад сёмую апратку. А ў цябе — усё нагатове. Цяпер фатаграфія, — сказаў ён і сціх, разглядаючы здымак на дакуменце. — Ну, канешне, адразу відаць: пашпарт аднаго чалавека, а фота другога. Старое фота з чужога дакумента. Ды і пячатка… Ну хто ж так пячаткі ставіць! — абурыўся ён. — Рукі б таму паламаць. Глядзі, нават літары не супадаюць.