Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 24

Васіль Быкаў

У бары пад шапкамі хвой снегу было не шмат, месцамі ён толькі пасыпаў шэры, з ігліцай мох, які добра глушыў крокі чалавека. I ўсё ж трэба было асцерагацца. Спыніўшыся за сасной, Антон выцяг з кішэні наган і, расшпіліўшы ў кажушку верхні гузік, засунуў наган за пазуху.

Людзей ён убачыў нечакана блізка, як толькі абмінуў край маладога густаватага бярэзніку, праз які не стаў прадзірацца, і павярнуў убок. Спярша кінуўся ў вочы конь, што паныла стаяў у вупражы крокаў праз дваццаць ад яго, за ім на санях з падсанкамі сядзела спіной да яго жанчына ў рудым, з чорным каўняром кажушку, і побач, прыгнуўшыся, стаяў мужык у шэрай суконнай паддзёўцы, які засяроджана сачыў за нечым, што рабіла жанчына. Побач на снезе ляжала свежапаваленая сасна, ужо раскрыжаваная, з абсечаным суччам, і Антон здагадаўся, што, мабыць, гэта з вёскі прыехалі ў лес па дровы.

Не губляючы, аднак, асцярогі, ён выйшаў з-за бярэзніку на адкрытае і спакойна скіраваў да людзей. Жанчына, што сядзела да яго спіной, не магла яго бачыць, але мужчына, напэўна, учуў яго крокі і ўзняў галаву.

— Добры дзень вам, — спакойна павітаўся Антон, падыходзячы бліжэй; мужчына таропка саставіў нагу з саней, пазіраючы на яго трохі здзіўленым, спалоханым позіркам. Гэта быў малады, крутаплечы хлопец з рэдзенькім пушком на барадзе, у чорнай шапцы-аблавушцы. З-пад паддзёўкі на ім відаць былі паношаныя армейскія брыджы з нашыўкамі на каленях, і Антон непрыязна падумаў: прымачок, напэўна.

Падобна, так яно і было. Хлопец трымаў у руцэ скібу хлеба з салам, якім яго частавала жанчына, як заўважыў Антон, падышоўшы бліжэй, спрытная, вяртлявая маладзіца, якая непрыязна і бязбоязна зірнула на яго. Тут жа была і дарога з прашараваным да пяску свежым следам ад гэтых саней.

— Добры дзень, — насцярожліва адказаў прымак, усё трымаючы ў руцэ лусту хлеба з пакладзеным на яе салам. Цяпер ужо абое яны трывожна глядзелі на Антона, які сказаў як можна спакойней:

— Па дровы прыехалі?

— Ды во трэба, — няпэўна сказаў прымак і паклаў на калені жанчыны хлеб, які тая адразу прыбрала ў белую зрэбную сумку. Антон ступіў бліжэй і нагой паварушыў цяжкі хваёвы камель, які ледзьве варухнуўся на снезе.

— Ну і таўшчыня! Як вы здужалі такую?

— Во, два мужыкі ды каб не адужалі! — нечакана ахвотна азвалася маладзіца. З хвойніку, падпяразваючыся старой вяроўчынай, вылазіў яшчэ адзін мужык, чалавек не маладога ўжо веку, з кароценькай, густа пасрэбранай сівізной бародкай.

— Для будаўніцтва, напэўна? — здагадаўся Антон.

— Падруба пад хату. Згніла, ці ведаеце, тавар быў няўдалы. Вядома, пры цару яшчэ будаваліся, — з добразычлівасцю, без ценю насцярожанасці загаманіў старэйшы і пасля кароткай паўзы папытаў асцярожна: — Здалёк будзеце, пан-таварыш?

— Здалёк, — сказаў Антон, адразу адзначыўшы гэтую няўпэўненасць барадача адносна «пана-таварыша». Аднак прасвятляць гэтае пытанне Антон не збіраўся. — А вы адкуль будзеце?