Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 22

Васіль Быкаў

Яна зірнула на разгорнутую ў ягоных руках кніжку — сапраўды, літары на фатаграфіі яўна адрозніваліся ад тых, што стаялі на старонцы аўсвайса і ішлі неяк крыва, нібы распаўзліся ад вільгаці. Хаця ўчора аўсвайса яна не намачыла.

— Ну, бачыш? Як за цябе не баяцца?

Падобна, што ён у чымсьці меў рацыю, яе падрыхтавалі не дужа старанна, і яна вельмі лёгка можа ўліпнуць. Але як і чым апраўдаецца ён? Цэлая ноч адсутнасці ў лагеры не застанецца там без увагі, як тады ён растлумачыць гэтую сваю адлучку? Трывогай за Зосю Нарэйка? Але ці не будзе гэта дзіўна і смешна? I хто гэтаму паверыць?

Збянтэжаная нечаканым адкрыццём, Зоська прыхінулася спіной да алешыны і стаяла, не могучы прыдумаць што-небудзь. Яна толькі няўцямна пазірала на свой злашчасны аўсвайс з няўдалым здымкам, адарваным ад яе даваеннага студэнцкага білета.

— Дык што ж нам рабіць?

Антон трошкі прытаптаў ботамі чорную палеглую папараць і нецярпліва варухнуў пад кажушком плячыма.

— Пойдзем разам. Авось я табе не перашкоджу.

— Ты мне не перашкодзіш, наадварот, — запэўніла Зоська. — Але…

— Быццам муж і жонка, ідзем у Скідзель да маці. Там сапраўды ў цябе маці, могуць праверыць.

— Ну што ты! Якая я жонка?..

— Не хочаш жонкай — сястрой будзеш. А што? Удваіх, знаеш, зручней.

— Яно так. Але…

— Хочаш сказаць: як у атрадзе пасля?

— Ну.

— Відаць будзе. Авось апраўдаемся. Ты ж за мяне ўжо заступішся?

Зоська ўсё не магла даўмецца, што ёй трэба зрабіць, на чым цяпер спыніцца і нават што сказаць Антону. Вядома, сэнс яго недарэчнага ўчынку не пакідаў сумнення, што ён зрабіў кепска і што, вярнуўшыся ў атрад, ім абаім не мінуць бяды. Антон зрабіў няправільна і нават злачынна, самавольна пакінуўшы атрад. У нейкай меры яго апраўдвала хіба тая акалічнасць, што адправіўся ён не на п’янку на які-небудзь хутар, не на гульбішча, а пайшоў з ёй на небяспечную справу, адкуль невядома яшчэ, як вярнуцца. Зноў жа гэты спалох за яе, амаль безразважная рызыка ад страху за яе жыццё збянтэжылі Зоську. Яшчэ ніхто ў яе жыцці не спрабаваў зрабіць нічога падобнага, і гэта болей за ўсё аслабляла яе рашучасць, рабіла саўдзельніцай Галубіна.

— Ну што задумалася? — падобна, канчаткова адагнаўшы свае перажыванні, бадзёра сказаў Антон. — Няма чаго думаць. Ужо я цябе не пакіну. Пойдзем разам. Ці, можа, ты супраць?

— Я не супраць, Антон. Наадварот. З табой мне, сам разумееш… Але…

— Розных «але» хапае. Цяпер не будзем пра «але»… Халера, усё ж нага мерзне, — сказаў ён і прытупнуў левай, мокрай, нагой. — На Астраўку скажаш, што паслалі ўдваіх. Ты старшая, я ў падмогу. Пропуск далі?

— Далі, ага…

— Во і добра. Пераправімся, а там пабачым.

Ён зноў рабіўся ўпэўнены, нават ажыўлены, быццам наперадзе не было смяртэльнай небяспекі, а ў атрадзе не чакалі яго непрыемнасці, калі ён вернецца з гэтай самавольнай разведкі. Але што рабіць — сапраўды, яна не магла прагнаць яго ад сябе, ды і не мела на гэта жадання. Яна ўспомніла сваё адзінокае блуканне ўчора па гэтым балоце, і ёй стала паныла. А як будзе адной па той бок Нёмана, у незнаёмых, набітых паліцаямі вёсках?