Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 20

Васіль Быкаў

— Будзем сігаць.

— Ой! А раптам сарвемся?

— Зрывацца не трэба. Першы скакаць буду я. I падтрымаю цябе. Ну!

Уся куча палак і голля аднабока хіснулася, пляснуўшы вадой, штось пад нагамі хруснула, Антон узмахнуў рукамі і, лёгка наступіўшы на прытоплены канец бервяна, апынуўся на тым баку.

— Ну?

Ён шырэй расставіў ногі і чакаў, гатовы падхапіць яе, але Зоська раптам згубіла рашучасць, адчуўшы, што для такога скачка ў яе проста не хопіць сілы.

— Не дапрыгну…

— Ну, ну! Дапрыгнеш, давай, не бойся! — падганяў Антон з таго берага. Яна ў каторы раз прымервалася да страшнай вадзяной шырыні, кідаючы вінаватыя позіркі на ажыўлены, поўны нецярпення Антонаў твар, і не магла адважыцца.

— Не магу. Не дапрыгну…

— Ну што ж мне, назад вяртацца? — урэшце зазлаваў Антон. — Я ж во дапрыгнуў, ты бачыла?

— Дык гэта ж ты!

— А ты? Галоўнае — смела! Ну, скачы, я падхаплю!

Зоська слухала яго і сама ўсё разумела: трэба адважыцца і скокнуць. Але спярша трэба было разлічыць штуршок з адлегласцю, і каторы раз, зрабіўшы тое, яна разумела, што да бервяна не дастане, значыць, зноў апынецца ў ледзяной вадзе. А новае купанне ніяк не ўваходзіла ў яе планы — даволі з яе ўчарашняга, ад якога яшчэ не высахла апратка.

— Ах ты, такую тваю мацер! — вылаяўся на тым беразе Антон і, ломячы ботамі лёд, рашуча сігануў у ваду. Яна не зразумела яшчэ, навошта ён так зрабіў, і спалохалася, убачыўшы яго па калені ў вадзе, адкуль ён патрабавальна працягнуў да яе рукі.

— Прыгай, ну!

Зоська скокнула — не на бервяно, а ў гэтыя выстаўленыя да яе рукі, ён пахіснуўся, але ўтрымаў яе, пераступіў, ледзьве сам не паваліўшыся ў ваду, і дужа штурхнуў нагамі наперад, да самай ледзяной закраіны ля берага. Яна ўпала на адно калена, але хутка ўскочыла і, запэцкаўшы рукі, узлезла на невысокі тут, аблытаны карэннем бераг.

— Дзякуй, — ніякавата сказала яна, пазіраючы, як выбіраўся з вады Антон. Мабыць, спяшацца яму ўжо не было патрэбы, абедзве ягоныя нагі да самых калень былі мокрыя, з левай палы кажушка лілася на бот вада.

— Набраў, ага? У абодва? Ну во… Ты мне даруй, калі ласка.

— Што рабіць! Зялёная ты яшчэ разведчыца. Напэўна, зялёная, падумала яна, выразна ўсведамляючы сваю віну і з непрыемнасцю адчуваючы трохі прыкрытую яго незадаволенасць. Стоячы збоку, яна моўчкі глядзела, як ён з сілай сцягнуў з левай нагі бот і выціснуў на снег брудную дзіравую анучу.

— Во так! Цяпер абое купаныя, — упершыню падняў ён да яе яшчэ строгі, але трохі падабрэлы позірк, і яна зразумела, што ён ужо не сярдуе.

— Так шырока, што я не магла, — сказала яна. — А ў другім боце як? Суха?

— У другім суха, — сказаў ён. — Левы дзіравы, даўно ваду прапушчае.

Тым не менш Антон сцягнуў з нагі і правы бот, сухую анучу з правай нагі накруціў на пачырванелую ад сцюжы левую ступню.

— Каб крыўдна не было. Мокры бот, затое сухая ануча. Ён зусім ужо не злаваў, і ў Зоські адлягло ад душы — усё ж ён малайчына, гэты Антон Галубін.