Читать «Яго батальён» онлайн - страница 4
Васіль Быкаў
— Ды ну! — усумніўся Маркін. — Семдзесят шэсць чалавек на давольствіі…
Гэтая названая Маркіным лічба непрыемна ўкалола свядомасць камбата — усяго семдзесят шэсць! Зусім нядаўна яшчэ было амаль на сотню чалавек больш, а цяпер вось засталося трэць батальёна. Колькі ж застанецца праз тыдзень? А праз месяц, да лета? Але ён толькі падумаў так, намаганнем волі прыцяў непрыемную думку і ўслых сказаў аб іншым:
— Праз дзень-два горш будзе. Умацуюцца. Лейтэнант кінуў беглы позірк у парог, прыслухаўся і ціха заўважыў:
— А можа, не дакладваць? Маўчаць, і мы змоўчым.
— Не, ужо дзякуй, — сказаў камбат. — Будзем да-кладваць, як ёсць.
— Ну што ж! Можна і так.
Гутман прышываў гузік, Чарнаручанка гаспадарыў ля печы, разведчык, нацягнуўшы на галаву бушлат, сіліўся задрамаць перад дзяжурствам. Маркін з дапамогай алоўка шомпала лінеіў у сшытку графы формы 2УР — для запісу папаўнення. Камбат глядзеў, як аднабока тлее папера на канцы яго самакруткі, і думаў, што вайна, на жаль ці на шчасце, не дае таго выбару, аб якім мяркуе лейтэнант Маркін. Гэта ў піўной можна разважаць, чым закусіць: ракамі ці воблай або лепш салёным агурком на аматара, на вайне ж сярод усіх магчымасцей, якія дазваляе сітуацыя, часцей выпадае самая горшая, плата за якую — заўжды людское жыццё. Трудна бывае на яе пагадзіцца, але і пошукі шляхоў у абход звычайна вядуць не толькі да агіднага канфлікту з сумленнем, але і здараецца, што кароткаю дарожкай у трыбунал. Камандзіра гэта датычыць куды ў болыпай меры, чымсьці байца, тут трэба быць вельмі строгім спярша ў адносінах да сябе, каб пасля патрабаваць таго ж ад падначаленых.
— Можна так, можна і гэтак! Га, таварыш Маркін? — раптам запытаў камбат. Лейтэнант няўцямна міргнуў шырока раскрытымі вачмі.
— Што? Ды я нічога, — начштаба паціснуў плячмі.— Не мая справа. Вы камандзір батальёна, вам і дакладваць. Я прапанаваў проста.
— У кожным становішчы ёсць тры выхады, — зазначыў ад шытва Гутман. — Яшчэ Хаймовіч казаў…
— Памаўчыце, Гутман, — сур'ёзна сказаў Валошын. — Не майце такой звычкі.
— Вінават.
Камбат хвіліну змоўчаў, а пасля пацішэла запытаў, нібы між іншым:
— Вы, Маркін, у акружэнні доўга былі?
— Два месяцы васемнаццаць сутак. А што?
— Так проста. У сорак першым я таксама ўскочыў. Амаль на месяц…
— Ну дык вы ж з часцю выйшлі,— не ўтрымаўшыся, зноў уставіў Гутман. Камбат паглядзеў у яго бок працяглым дакорлівым позіркам.
— Да, я з часцю, — сказаў ён пасля паўзы. — У гэтым мне пашанцавала. Хаця ад палка засталося сорак сем чалавек, але быў сцяг, быў сейф з партдакументамі. Гэта выручыла. Як выйшлі, разумеецца.
Маркін паклаў на скрынку аловак і шомпал, тузануў на плячо паўшубак. Вочы яго неспакойна бліснулі, ад нервовага ўзрушэння зардзеліся скулы.
— А у нас нічога не засталося. Ні сцяга, ні сейфа. Кучка байцоў, дзесятак камандзіраў. Палавіна параненыя. Кругом немцы. Камісар застрэліўся, камандзіра палка тыф даканаў. Сабралі нараду, рашылі: выхадзіць дробнымі групамі. Пайшлі, напароліся на немцаў. Тыдзень ганялі па лесе. Кару елі. Урэшце вырваліся дванаццаць чалавек. Глядзім, нешта дужа худыя тут франтавічкі. I курыць не маюць. Ядуць каніну. Слова за слова, аказваецца, дык і яны ж у акружэнні. Вось і трапілі з агню ды ў полымя. Яшчэ месяц прыпухалі.