Читать «Яго батальён» онлайн - страница 3
Васіль Быкаў
— Так што віншуем, таварыш капітан, — сказаў Гутман. — Во тут я і абмыўку здабыў.
Ён выцягнуў аднекуль алюмініевую фляжку і весела страсянуў яе. У флязе булькнула і зазвінела, Валошын ніякавата паморшчыўся.
— Пакуль схавай, Лёва. Абмыўка — не праблема.
— Ага, не праблема! Ды я ледзьве ў старшыны другога батальёна выцыганіў. Самая праблема. Вунь лейтэнант увесь вечар на яе паглядвае.
— Глупства вы гародзіце, Гутман, — сурь'ёзна, без ценю гумару, зазначыў Маркін.
— Вось лейтэнанту і аддай, — спакойна сказаў кам-бат. — А мне лепш анучы сухія пашукай.
— Ай-яй! Анучы — такая справа.
Ардынарац выцяг з-пад сцяны тугаваты рэчавы мяшок і спрытна развязаў яго.
— Во, сухенькія.
— Дзякуй.
— I знімайце шынель — гузік у пятліцу прышыю. А то ўжо трэці дзень абяцаеце.
— Толькі каб было аднолькава: на правай і на левай.
— Будзе акурат. Не сумнявайцеся.
Ён не сумняваўся — Гутман быў майстра на ўсе магчымыя і немагчымыя справы — усё ў яго выходзіла надзіва лёгка і адмыслова. Валошын прывычна расшпіліў камандзірскую дзягу з зоркай у меднай спражцы, скінуў з плячэй двайную партупею, кабур з ТТ, зняў камсастаўскі, некалі шыты на заказ, ужо абтрэпаны, у двух месцах пабіты асколкамі шынель. Гутман шырокім кравецкім жэстам раскінуў яго на каленях.
— I хто прыдумаў гэтыя гузікі ў пятліцы? Ні складу ні ладу.
— Цябе не запыталі, Гутман, — буркнуў Маркін. — Прыдумаў, значыць, так трэба было.
— А па мне дык лепш, як раней — кубары! Гэта штука! Камбат з задавальненнем выцягнуў на саломе ногі і,
няўважліва слухаючы размову падначаленых, дастаў з кішэні гадзіннік. Гэта быў трафей, узяты ў забітага нямецкага танкіста, з трыма стрэлкамі і надзіва дакладным ходам. Валошын паклаў гадзіннік на краі скрынкі, каб бачыць яго цыферблат, і пачаў згортваць цыгарку.
Першае ўзрушанне-няёмкасць міналіся, ён думаў, што трэба хутка званіць на палкавы КП, дакладваць абстаноўку. Як заўжды, гэтая хвіліна была да агіды непрыемная і нямала псавала настрой да яе і пасля. Колькі ўжо часу, як палком стаў камандаваць маёр Гунько, а камбат-тры Валошын усё не мог прывыкнуць ад ягоных начальніцкіх манер, якія раздражнялі і крыўдзілі яго адначасна.
— З палка званілі?
Маркін адарваўся ад папер, разы два міргнуў — яго твар з густаватаю шчэццю пры скупым святле карбідкі выглядаў амаль чорным.
— Званілі. Будзе папаўненне.
— Многа?
— Невядома. У дваццаць два ноль-ноль загадана выслаць прадстаўніка ад батальёна.
Лейтэнант зірнуў на гадзіннік, стрэлка якога набліжалася да васьмі. Камбат адхінуўся да сцяны зямлянкі і зацягнуўся самакруткаю. Сцяна яшчэ ніколькі не ўгрэлася і нават праз аўчынную камізэльку моцна сцюдзяніла лапаткі.
— Пра вышыню шэсцьдзесят пяць не пыталіся?
— Не, не пыталіся. А што, усё капаюць?
— Дзоты будуюць. Як бы заўтра таго… Не прыйшлося браць.