Читать «Яго батальён» онлайн
Васіль Быкаў
Васіль Быкаў
Яго батальён
1
Траншэя была мелкаватая, пад пахі, не болей, сухая і пыльная. Каб не дужа вытыркацца з яе, Валошын звыкла аблягаўся грудзьмі на бруствер, расставіўшы ў бакі локці. Аднак доўга стаяць так, згорбіўшыся, пры ягонай высокай мажнай постаці было не надта каб зручна, мяняючы позу, камбат незнарок варухнуў локцем, і мёрзлы камяк зямлі з глухім стукам скаціўся ў траншэю. Адразу ж унізе пачуўся ціхі крыўдлівы віск, затым энергічны фыркат сабакі, з якім той страсае абсыпаную пылам поўсць, і побач на броўку мякка ляглі дзве шырокія кіпцюрыстыя лапы.
— Джым, ляжаць!
Не адрываючы ад вачэй бінокля, Валошын пакруціў пальцамі акуляры — спачатку ў адзін, затым у другі бок, але відаць было па-ранейшаму дрэнна. Голыя, вытаялыя з-пад снегу схілы вышыні з доўгай паласой ворыва, загінастая крывуляка траншэі на самым версе, некалькі свежых плямаў мінных разрываў і нават зараснік чэзлага хмызняку на балоце ўвачавідкі зацягвала змрокам блізкае ночы.
— Ну што ж: усё зразумела!
Камбат апусціў падвешаны на шыі бінокль і адкінуўся да задняй сценкі траншэі. Дзяжурны разведчык, што назіраў з суседняй ячэйкі, зябка павёў плячыма.
— Умацоўваецца, гад!
Так, праціўнік умацоўваўся, гэта было відавочна таксама, як і тое, што ўчора яны зрабілі памылку, не атакаваўшы з ходу тае вышыні. Тады яшчэ былі сякія-такія шансы яе ўзяць, але ўчора падвяла артылерыя. У батарэі з артпалка, што іх падтрымлівала, засталося ўсяго дзесятак снарадаў, якія патрэбны былі на самы крытычны выпадак, суседні батальён увязаўся ў зацяжны бой за саўгас «Піянер» па той бок рачулкі,і калі Валошын запытаў наконт гэтай малапрыкметнай, але, відаць, немалаважнай вышыні ў ка-мандзіра палка, той проста не адказаў. Зрэшты, яно было і зразумела: наступленне выдыхалася, задачу сваю полк сяк-так выканаў, а надалей, мабыць, яшчэ не было пэўнага плана і ў дывізіі. I ўсё ж вышыню трэба было ўзяць. Праўда, для таго і ўчора аднаго, патрапанага ў трохтыднёвых баях батальёна было замала, але ўчора на яе голай вяршыне яшчэ не было траншэі, а галоўнае — правы фланговы схіл над балотам, здаецца, яшчэ не быў заняты немцамі. Занялі яны яго ўранку і ўвесь дзень, не зважаючы на кулямётны абстрэл, па ўсёй вышыні капалі. Да змяркання было відаць, як мільгае над брустверамі чорнае ашмоцце зямлі, а надвячоркам з саўгаса, чутна было, падышло некалькі грузавікоў, і нямецкія сапёры дацямна цягалі па траншэях бярвенне — абсталёўвалі бліндажы. Уночы, напэўна, замініруюць і подступы на схілах.
Наўкола хутка цямнела, чорны сакавіцкі прасцяг усё гусцей атуляла глухое цемрыва ночы, у якім невыразна шарэлі плямы нерасталага снегу — па раўчуках, пад узмежкам, на зарослым чэзлым кустоўем балоце. Было сцюдзёна. З усходу дзьмуў пругкі марозны вецер, з ім на пагорак НП далятаў пах дыму, які цяпер напомніў камбату пра ягоны прытулак-зямлянку, куды ён не заходзіў ад рання. Джым, нібы разумеючы намер гаспадара, крокаў пяць прабег па траншэі і азірнуўся сур'ёзнымі, трошкі журботнымі вачмі.
— Так. Прыгуноў, назірайце. I слухайце таксама. Калі што — адразу дакладвайце.