Читать «Яго батальён» онлайн - страница 6
Васіль Быкаў
— Ану куляй! Туды і назад.
— Ёсць!
Ардынарац, абсыпаўшы зямлю, вылез з траншэі, яго боты пратупацелі ў цемры і сціхлі, а ён яшчэ пастаяў, услухоўваючыся ў невыразныя гукі навокал. Але паблізу зноў стала ціха, толькі недзе далёка за лесам слабым водбліскам пыхаў край неба ад далёкай артылерыйскай кананады.
— Гэта артылерысты — разявы! Заўжды яны па начах засвецяць, — са злой прыкрасцю зазначыў з зямлянкі Маркін. Камбат не адказаў. Ззаду шорхнула палатка, шэрая пляма святла коса легла на бок траншэі, і з дзіркі паказалася галава Чарнаручанкі.
— Таварыш камбат! Дзесяты…
Ну вось, так і ведаў! Варта на хвіліну прамарудзіць з дакладам, як ён ужо выклікае сам. Камбат унутрана паморшчыўся, беручы з рукі тэлефаніста трубку, вялікім пальцам рашуча павярнуў клапан.
— Дваццаты «Бярозы» слухае.
— Пачаму не дакладваеце? Што там у вас за артпадрыхтоўка? Зноў не выконваеце правіл маскіроўкі?..
З першых жа слоў у трубцы было зразумела, што маёр ужо павячэраў і прыдбаў свой звычайны камандзірскі тон. Але каскад ягоных пытанняў, прызначаных ашаламіць, быў прывычны камбату, даўно ўжо не бянтэжыў і нават мала і злаваў. Што зробіш — Валошын ужо змірыўся з роляй нялюбага падначаленага, цярпеў, калі-нікалі агрызаючыся. Праўда, было горш, што часам іхнія ўзаемаадносіны адбіваліся на батальёне, хоць тут ужо ён быў бяссільны што-небудзь змяніць. Камбат па магчымасці цярпліва выслухаў усё і не спяшаўся апраўдвацца — бавіў час, чакаючы, калі з'явіцца Гутман.
— Алё! Вы што маўчыце? Ці вы заснулі там? — ракатала ў трубцы. I тады камбат дазволіў сабе трошкі іроніі, на якую маёр Гунько звычайна рэагаваў у поўным сур'ёзе.
— Стараюся прывесці ў сістэму вашы пытанні.
— Што? Якая сістэма? Вы мне не мудрыце, вы адказвайце.
— На столькі пытанняў не адразу адкажаш.
— Дрэнны той камандзір, які не ўмее як след далажыць начальніку. Трэба на хаду хапаць. Начальства з паўслова разумець трэба.
— Дзякую.
— Што?
— Кажу, дзякую за параду. I дакладваю абстаноўку, — рашуча перабіў яго Валошын, каб разам скончыць апрыклыя настаўленні, якія пагражалі зацягнуцца на няпэўны час. — Праціўнік прадаўжае ўмацоўваць вышыню «Вялікую». Візуальна адзначаны земляныя работы з выкарыстаннем доўгатэрміновага пакрыцця — бярвення. Таксама прадаў-жаецца…
— А вы перашкодзілі? Ці, можа, саізволілі спакойна глядзець, як фрыцы траншэі размячаюць?
— Траншэіу на жаль, яны растрасіравалі ўначы, — не зважаючы на маёраву з'едлівасць, спакойна дакладваў камбат. — Да ранку ўсё было выкапана ў поўны профіль. Кулямётны агонь быў малаэфектыўны з прычыны куленепрабівальнасці ўкрыццяў. Іншыя сродкі ўздзеяння адсутнічаюць. У Іванова «гуркоў» усяго дзесяць штук. Я ўжо аб тым вам дакладваў.