Читать «Яго батальён» онлайн - страница 5

Васіль Быкаў

— Гэта дзе?

— Пад Нелідавым, дзе ж. У дваццаць дзевятай арміі.

— Да, там невясёлыя былі справы. Якраз у канцы лета да нас прабіваліся. Забітага камандарма вынеслі, хавалі ў Калініне.

— Ну. Генерал-лейтэнант Багданаў. Геройскі мужык. А што ён мог зрабіць? У прарыў сам на кулямёты вёў і загінуў.

— Дваццаць дзевятай хапіла. Трыццаць дзевятай таксама.

— А трыццаць трэцяй? А коннікам Бялова ды Сакалова?

— Не шмат іх засталося, — пагадзіўся камбат.

— Няўдачнік я! — раптам проста сказаў Маркін, і Гутман з Чарнаручанкам насцярожана паднялі галовы. — Што перажыў, ворагу не пажадаю. У рэзерве сустракаю таварыша, разам выпускаліся. Два ордэны, шпала ў пятлі-цах. А я ўсё лейтэнант.

Камбат абапёрся на скрынку локцем і скоса паглядзеў на прыціхлых байцоў.

— Дарма вы так думаеце, Маркін. Да Берліна яшчэ даўгая дарожка.

— Ат! — махнуў рукой Маркін і зноў узяўся за шомпал. — Ці многа іх тут лінеіць? Ведаць бы хоць, колькі дадуць. А то налінеіш залішне. Таварыш камбат, — узняў ён твар да Валошына. — 3 папаўнення трэба пісара падабраць. А То колькі можна?

— А вы вунь Гутмана абучылі б. Па сумясціцельству. Або Чарнаручанку.

Тэлефаніст з ніякаватай сарамлівасцю заварушыўся каля апарата, а Гутман амаль што пакрыўдзіўся.

— Ну, скажаце, таварыш камбат! Я работу люблю. А гэта…

Маркін павярнуў да яго амаль што гняўлівы твар.

— А гэта што — не работа? Вось пасядзі дзень над паперкамі, дык увесь свет з аўчынку пакажацца.

— Не люблю!

— Ну ведама ж, лепш па палях гойсаць. Трафейчыкі і так далей…

— Ладна, Гутман, канчай шытво. А то ўжо спіна акалела, — перапыніў іхнюю спрэчку камбат.

— А вы — мой кажушок.

— Не ўжо, дзякуй. У тваім кажушку, мабыць, таго… Дыверсанты бегаюць.

— Нямнога, таварыш камбат. Куды ж ад іх дзенешся?

Ну вось і ўсё. Калі ласка.

— Давай, пабачым, які ты майстра.

Камбат узяў з ардынарцавых рук шынель і надзеў яго. Потым прывычнымі дакладнымі рухамі накінуў на плечы партупею, зашпіліў спражку, ссунуў на месца кабур.

— Ну што ж — дзякуй, — сказаў ён ардынарцу. — Чарнаручанка, выклікайце дзесятага «Волгі». Пагаворым з начальствам.

2

Пагаварыць з начальствам, аднак, не ўдалося.

Не паспеў тэлефаніст пакруціць ручку свайго жаўтаскурага амерыканскага апарата, як дзесь на паверхні з нарастаннем завыла, данеслася некалькі слабых «ках-ках-ках», і блізкія выбухі скаланулі зямлю. На салому і на печку са столі сыпанула жвірам, ліхтар на сцяне калыхнуўся, загойдаўшы гарбатыя цені. Маркін угнуў над паперамі галаву, Гутман схапіўся за аўтамат і паўшубак. Карбідны агеньчык у ліхтары яшчэ не супакоіўся, як заверашчала зноў і зноў ірванула. Ад серыі з не менш чым дзесяці выбухаў хадуном захадзіла зямлянка.

— Што за халера?!

Камбат сунуў за пазуху ўжо нарыхтаваную карту і адхінуў палатку на выхадзе. У начным цемрыве над пагоркам мільганулі туга напятыя агняныя ніці трас — адтуль, з вышыні, цераз іх галовы пад лес. Чэргі былі даўгія і, напэўна, буйнакаліберныя — «дуг-дуг-дуг» — данеслася з вышыні. Але кулямёт раптам змоўк, стала ціха, у цёмным сцюдзёным небе дрымотна раіліся бліскучыя зоркі. Мяркуючы па ўсім, немцы штосьці падпільнавалі ў бліжнім тыле пад лесам. Гутман, стоячы ў траншэі, паспешліва падпярэзваў паўшубак, і камбат кіўнуў галавой.