Читать «Яго батальён» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
— Ёсць, таварыш камбат.
— Толькі не здумайце курыць.
— Некурашчы я.
— Тым лепш. На вячэру падменяць. Зашорхаўшы аб сцены траншэі злубянелай, накінутай паверх шыняля палаткай, Валошын хутка пайшоў уніз да зямлянкі, якая пад ноч уладарна вабіла адносным цяплом, спакоем, кацялком гарачага супу. Зрэшты, збудаваная за адну ноч зямлянка была не надта каб самавітая — часовы палявы прытулак на дзень-два, замест бярвення крыты жардзём і саломай з тонкім слоем зямлі наверсе. Дзвярэй увогуле тут не было ніякіх, проста на ўваходзе вісела чыясь палатка, адхінуўшы якую, камбат адразу апынуўся ля галоўнае радасці гэтага жытла — змайстраванай з малочнага бітона, добра ўжо напаленай печкі.
— О, блажэнства! — не ўтрымаўся ён, выстаўляючы да цяпла азызлыя на сцюжы рукі.— Як у Сочы! Што ўсміхаецеся, Чарнаручанка? Вы былі ў Сочы?
— Не быў, таварыш камбат.
— То-та!
Немалады, марудлівы на рухі, таксама як і на словы, тэлефаніст Чарнаручанка, які, зашчаміўшы між вухам і плячом трубку, піхаў у печ суччо, аднак усё ўхмыляўся, відаць, маючы на ўвазе нешта вясёлае. Камбат машынальна перавёў позірк на іншых, хто быў у зямлянцы, але і тыя таксама па-змоўніцку ўсміхаліся: і ардынарац камбата Гутман, які, стоячы на каленях у ватных штанах, сучыў доўгую нітку, і разведчык, што, адкінуўшыся на локаць, ляжаў на саломе і дыміў самакруткай. Адзін толькі начштаба лейтэнант Маркін у накінутым на плечы паўшубку засяроджана поркаўся ў сваіх паперах перад прыладжаным на скрынцы трафейным карбідным ліхтаром. Але Маркін увогуле ніколі не ўсміхаўся, на радаваўся; колькі яго ведаў камбат, ён заўжды быў такі — чужаваты да іншых, у самім сабе засяроджаны.
— Што здарылася?
Капітан сказаў гэта, трохі нават заінтрыгаваны ўсеагульнай маўклівасцю, і Чарнаручанка няўклюдна выпрастаўся, пераступіў з нагі на нагу. Аднак першы азваўся Гутман:
— Сюрпрыз для вас, таварыш камбат.
Сюрпрызаў на фронце хапала, яны сыпаліся амаль кожны дзень, адзін не лепшы за іншыя, але цяпер Валошын згадваў, што гэты быў, мабыць, не самы найгоршы. Інакш бы яны так не ўсміхаліся.
— Што ж за сюрпрыз?
— Хай Чарнаручанка скажа. Ён лепш ведае. Медзведзяваты і даўгарукі Чарнаручанка, ніякавата ўхмыляючыся, паглядзеў на Гутмана, затым на лейтэнанта Маркіна і не адважыўся пачаць першы. Маркін, аднак, коратка падахвоціў:
— Ну, гавары, гавары.
— Ордэн вам, таварыш камбат. Са штаба званілі. Валошын, аднак, і сам пачаў здагадвацца і цяпер зразумеў усё разам. Нічога не кажучы, ён пераступіў цераз доўгія ногі разведчыка, скінуў з сябе плашчшалатку і сеў каля скрынкі начальніка штаба. Джым рупна і важна, з нейкай пачцівай асцярогай выхаванага пса апусціўся на заднія лапы побач.
Валошын маўчаў. Не секунду мільганула радаснае і ў той жа час нейкае невядома чаму трохі няёмкае адчуванне — ордэн гэта няблага, але чаму толькі яму, а іншым? Між тым усё адбывалася, мусіць, як і павінна адбывацца на фронце — месяцы два таму паслалі паперы з прадстаўленнем яго да ордэна Чырвонага Сцяга, нейкі час ён нават чакаў яго, гэты ордэн. Але затым пачалося наступленне, цяжкія баі, і ён не надта ўжо і спадзяваўся, што тая ўзнагарода застане яго ў жыцці. I вось, выходзіць, застала, значыць, яшчэ давядзецца, колькі пашчасціць, панасіць на грудзях і другі баявы ордэн. Што ж, увогуле ён быў рады, хоць знешне амаль нічым і не выказаў гэтае сваёй радасці.