Читать «На сцяжыне жыцця» онлайн - страница 4
Васіль Быкаў
— Ладныя рукавiцы будуць, — сказаў ён i, злёгку ўсмiхаючыся, з цыгаркай у руцэ, быццам ад сцюжы, пацёр свае шырокiя парэпаныя далонi.
Фрузына вязала рукавiцы на рынак, дзе патроху прадавала ў нядзелю, i цяпер адчула, што за ягоны клопат нечым абавязана гэтаму чалавеку.
— А што, падабаюцца? — спытала яна i нясмела ўзняла вочы. — Можа, звязаць вам, калi не маеце?
— Не, дзякуй, — сказаў шафёр. — Што толку з iх — на адзiн рэйс. Каб тут якiя скураныя i то — на тыдзень, не болей.
Яны зноў разышлiся, i зноў Фрузыне стала нiякавата адной — хацелася яшчэ пагаманiць з гэтым зважлiвым чалавекам, але жанчына ведала, што яна нецiкавая, дык цi будзе ён бавiцца з ёю?
Можа, праз тыдзень цi болей пасля гэтай размовы Фрузына ўжо ўпрыцемкi вярталася з працы дадому. Яна жыла на самым ускрайку горада, ля шашы, у цесным кутнiм пакойчыку дашчанага, пракуранага вугальным дымам барака. Каб дабрацца сюды з цэнтра, ад яе ўстановы, трэба было, два разы перасаджваючыся, ехаць аж на трох аўтобусах, а пасля яшчэ з кiламетр абходзiць пустку. Зiмой, праўда, можна было сцяжынкай перайсцi цераз роў з замёрзлаю ручаiнай i такiм чынам зрэзаць добры крук дарогi.
Яна ўжо выбралася з рова, выйшла на агароды i наблiжалася да шашы, цесна атуленай дамамi гэтай ускраiннай вулiцы.
Тым часам добра сцямнела, чорнае, без зорак неба мяккiм змрочным полагам вiсела ўгары, на снезе, у нясмелых паўзмроках чарнелi навокал будынкi, дрэвы, невыразныя плямы зямлi. Снег быў мяккi, мароз адпусцiў нанач, бралася на адлiгу, i было золка.
Жанчына зранку не была дома i цяпер спяшалася — на сконе дня прывычна вабiла хатняе цяпло, спакой i адпачынак. У кiрзавай чорнай сумцы яна несла з сабою небагаты харч — хлеб, селядзец, кiлаграм круп i ўсё гадала, каб як абысцiся гэтым якiх два цi тры днi i зэканомiць на дровы.
На шашы яе асляпiла святлом фараў, абдало грукатам i лязгам iмклiвых аўтамабiляў. Якраз у тым месцы, дзе яна заўсёды зварочвала з дарогi на сцяжынку да свайго дома, нерухома стаяла машына. Фрузына не стала звяртаць на яе асаблiвай увагi — цi мала машын спыняецца на шашы — пастаяць, шафёры зробяць што трэба i паедуць далей. Жанчына ўвайшла ў сенцы, намацала ў кiшэнi ватоўкi ключ, адамкнула дзверы. У пакойчыку было холадна — ужо два днi яна не палiла грубкi, пахла нечым неабжытым i пакiнутым. Чагосьцi тут не хапала ў гэтай кватэры, хоць i было ўсё прыбрана — i вузкi ложак з высока падбiтай падушкай i лебедзямi на танным дыванку на сцяне, i вымытая падлога, засланая наўскасяк палавiчком, i накрыты марляю посуд на невялiчкiм столiку. Яна прыслухалася — суседзяў штось не чуваць было. Распрануўшыся, жанчына адчула холад i падумала, што трэба было б прапалiць у грубцы, каб былi насечаны дровы.
У гэты час у дзверы пастукалi.
Да яе рэдка калi хто заходзiў, i кожны раз на стук Фрузына насцярожвалася. Але не паспела яна што адказаць, як дзверы адчынiлiся i ў пакой увайшоў апрануты ў паўшубак чалавек. Не зважаючы на зiму, ён быў увесь расхлiстаны — i паўшубак, i кашуля, i шапка, ссунутая на патылiцу, з рота вырывалася бачная на холадзе пара. Яна адразу пазнала — гэта быў яе нядаўнi знаёмец, iх шафер. Прыжмурыўшыся ад яркага святла, ён пераступiў з нагi на нагу i, вiдаць, не пазнаючы жанчыны, загаварыў: