Читать «На сцяжыне жыцця» онлайн - страница 6
Васіль Быкаў
Раз-пораз пазiраючы праз акно на шашу i на гэтага здарожанага чалавека, жанчына пакрысе пранiкалася цiхай жаласлiвай спагадай да яго нялёгкага турботнага жыцця. Тая спагада ўсё глыбей i глыбей пранiкала ў яе ўзрушаныя пачуццi, шырылася недзе ў душы, паступова перарастаючы ў лагодную пяшчоту. Усчалася i прывычная шчымлiвая самота па сваiм няўтульным, неўладкаваным жыццi, пацiху ўваскрасала былая паўзабытая прагнасць жаданага чалавечага цяпла. Але Фрузына, як магла, усё стрымлiвала, глушыла ў сабе тыя няясныя адчуваннi, толькi цiхенька ўздыхала, баючыся патрывожыць шафёра.
Праз нейкi час ён, аднак, схамянуўся, глыбока ўздыхнуў i здзiўлена агледзеўся.
— О, ты ўжо? — прамовiў ён i ўзняўся. — Ну што?
— Вось прынесла, — сказала яна, устаючы з лаўкi i падаючы яму кандэнсатар. Але ён, вiдаць, адпачыў зусiм мала i, яшчэ не прачнуўшыся як след, пазяхаючы i пацягваючыся, зноў сеў на табурэт.
— Ага, во добра… Ну дзякуй. А што гэта нiкога не чуваць, цi ты адна жывеш?
— Ды ўжо ж, адна, — адказала яна i ўздыхнула.
— А дзе ж твой… муж? — паволi вызваляючыся ад санлiвай знямогi, пытаўся чалавек. — Цi не было?
— Не было, ага, — пацвердзiла Фрузына.
Пасля яна таксама прысела на лаўку насупроць яго i раптам адчула сябе слабай, маленькай i нават у нечым вiнаватай ад гэтай стрыманай мужчынскай цiкаўнасцi.
Ён трохi памаўчаў, аб нечым задумаўшыся, жанчына ўсё пазiрала на яго, ледзь прыкметнага ў прыцемках дагарэлай грубкi, быццам чакала яго.
— Адной кепска, — сказаў ён, счакаўшы. — Цяжка адной… Гэта я ведаю…
Ён пачаў закурваць, прыпалiў паперкай ад вуголля, асвяцiўшы на момант зашчацiнены, зусiм не прывабны, але добры, спагадлiвы твар, а яна сядзела, стаiўшыся, ля акна i, бы злоўленая на якой несумленнай справе, баялася паварушыцца.
Накурыўшыся, ён кiнуў у печ недакурак, падышоў да яе, стрымана i далiкатна дакрануўся да яе пляча сваей заскарузлай далонню i пагладзiў:
— Цяжка адной, толькi што зробiш… Ну, не бядуй! Дзякуй за турботы… Так.
Калi ён выйшаў, Фрузына, не зашчэплiваючы за iм дзвярэй, таропка павярнулася да акна, прыцiснулася лбом да запацелай шыбiны i доўга пазiрала, як ён там поркаўся ў маторы, бразгаў капотам, тупаў ля машыны. Яна нiчога не думала, не выцiрала слёз, што няпрошаныя i нястрыманыя пацiху кацiлiся па шчоках, толькi глядзела ў прыцемкi ночы i не магла ўжо заглушыць роспачнай трывогi ў сваёй душы.
З таго зiмовага вечара Фрузына стала яшчэ болей маркотная. Часта ўздыхала на дзяжурстве, радзей усмiхалася на жарты iнжынера Шаўрова, часцей выходзiла на панадворак, дзе часам сустракала яго. Калi-нiкалi, завiхаючыся ля машыны, ён кiдаў ей некалькi звычайных малазначных слоў, але — чула яна — ставiўся добразычлiва i ветлiва, зусiм не так, як другiя зубаскалы-шафёры. Ей хацелася запытаць гэтага чалавека пра яго жыццё — адчувала жанчына, што i ён не вельмi шчаслiвы, што добры i нечага лепшага ў жыццi хацелася яму. Яна ўжо ведала яго прозвiшча — Пархомаў — ведала, што ён з Баранавiч, але цi сямейны, цi не было невядома.
Так у маўклiвай жаночай тузе мiнула зiма i наступiў першы месяц вясны сакавiк. Снег на вулiцах растаў, рэшткi яго вывезлi на машынах за горад; удзень з дахаў, гулка лопаючы аб асфальт, падалi рэдкiя цяжкiя кроплi. У парках i за горадам, праўда, было яшчэ снежна, але з кожным сонечным днём усё шырэлi, злучалiся адна з адной праталiны, налiвалiся пупышкi лазы i вербаў.