Читать «На сцяжыне жыцця» онлайн
Васіль Быкаў
Васіль Быкаў
На сцяжыне жыцця
Дзверы былi старыя, высокiя i цяжкiя. Адчынiўшыся нават на вузенькую шчылiнку, яны незадаволена, спаважна рыпелi: "хр-р-р-р-ы-iп" — быццам пратэставалi супраць парушэння iх старэчага лянотнага спакою. Фрузына некалi змазвала iх адмысловыя паржавелыя завесы, але дзверы, счакаўшы дзень-другi, зноў упарта пачыналi свой надакучлiвы хрып. I яна спакваля прывыкла да гэтага iх голасу, таксама, як i да выгiнастых медных ручак-поручняў, за якiя было няспрытна брацца, як i да сваiх нескладаных абавязкаў вахцёркi. Дый дзiва было не прывыкнуць, калi мiнуў ужо шосты год, як упершыню села яна за невысокай фанернай перагародкай у куце ля дзвюх доўгiх вешалак ды толькi i ведала глядзець, каб хто не вынес з будынка якi ўстаноўскi набытак.
Два разы ў дзень — уранку i ўвечары — таропка тупаючы па прыступках на ганку i ў вестыбюлi, адзiн за адным яе мiналi супрацоўнiкi ўстановы — занятыя справамi, заклапочаныя, сур'ёзныя людзi. Яна ведала ўсiх i, нават заплюшчыўшы вочы, магла ўгадаць кожнага па яго кроках, па тым, як ён адчыняў цi зачыняў дзверы або iшоў па лесвiцы. З'яўленне дырэктара Iвана Кузьмiча Фрузына пазнавала па яго аўтамабiлю, якi заўсёды раптоўна паяўляўся за акном насупроць ўстановы. Яна чула кароткi пошчак дзверцаў машыны, а затым праз нейкi час з працяжным асаблiвым скрыпам адчынялiся вялiкiя дзверы i ўваходзiў ён. Ён быў вялiзны, тоўсты i надзьмуты з твару, яго вельмi паважалi ўсе, а Фрузына баялася i таму першая казала "дзень добры". Iван Кузьмiч чамусьцi заўсёды незадаволена падцiскаў нiжнюю губу i толькi адным ледзь прыкметным рухам правага брыва адказваў на яе прывiтанне.
Пяць год узапар па два разы ў дзень Фрузына бачыла яго толькi такiм, iнакшым яго не ўяўляла — ён быў для яе загадкавы i далёкi.
Гэткiм жа далёкiм i незразумелым быў яшчэ таварыш Петрачэнкаў — вельмi худы, жоўты i надзвычай старанна апрануты чалавек. Фрузыне часам здавалася, што, апроч як выстаўляць напаказ свае адмысловай прыгажосцi гарнiтуры, палiто i паўпальткi, ён не меў iнакшых абавязкаў у жыццi. Паводзячы сюды-туды маленькай лабастай галавою, Петрачэнкаў праз тоўстыя шкельцы акуляраў усё аглядаў свае плечы, рукавы, грудзi i тонкiмi худымi пальцамi страсаў нябачныя парушынкi. Заўсёды ён быў заняты сабою, болей амаль нiкога не прыкмячаў i рэдка калi вiтаўся з Фрузынай.
Жанчын ва ўстанове працавала нямнога, i сярод iх самай прыкметнай была Нонка, маладая жонка немаладога i несiмпатычнага намеснiка дырэктара Дубчанкi. Зранку, калi пачыналi рыпаць дзверы, яна чутна была яшчэ здалёк, яшчэ з вулiцы, калi, дробна тупаючы абцасiкамi па шматлiкiх прыступках, узбягала на ганак. Маладзiца ўмела спрытна шмыгнуць у дзверы, здаецца, амаль не расчыняючы iх, заўсёды спазнялася, заўсёды спяшалася, але нiколi не прамiнала ветлiва ўсмiхнуцца вахцёрцы. Фрузына з прытоеным замiлаваннем глядзела ўслед: Нонка падабалася ёй, падабалася, як малодшая сястра, як прывабная i недасяжная жаночая прыгажосць.
Яшчэ нешта прыхiльнае ў сэрцы вахцёркi было да iнжынера Шаўрова простага, вясёлага i гаваркога чалавека. Зранку ў гэтым вестыбюлi ён звычайна з'яўляўся першы, бо жыў тут недалёка, за рагом ля аўтобуснага прыпынку. Па-гаспадарску прыстукнуўшы дзвярыма i выцiраючы аб дарожку падэшвы, ён жартоўна кiдаў жанчыне: