Читать «На сцяжыне жыцця» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
— Прывет, Фруза! Як жысць маладая?
Яна стрымана ўсмiхалася, сарамлiва, па-дзявочы азiрала яго паўнаватую, у шэрым гарнiтуры, постаць i апускала вочы. Здавалася Фрузыне, што iнжынер бачыў у ёй нешта патаемнае, захаванае, у чым яна неахвотна прызнавалася нават самой сабе, i ад таго ёй рабiлася няёмка.
— Не смуткуй вельмi — не бяда. Вось падшукаем табе жанiха, адгрукаем вяселле, i будзеш жыць-пажываць ды дзяцей нажываць, — казаў ён, узбягаючы па прыступках, азiраючыся i заўзята смеючыся шэрымi жвавымi вачыма.
Фрузына апускала вочы, разгладжвала на каленях спаднiцу, а потым уздыхала i доўга пазiрала ў акно.
Яна была адзiнокая, працавiтая жанчына, што не зведала нi ласкi, нi якой блiзкай чалавечай спагады ў жыццi. Адзiнай даступнай для яе радасцю была радасць працы. Яна працавала з маленства, як толькi начала памятаць сябе, а можа, нават i раней. Няньчыла братоў i сястрычак, пасвiла жывёлу, пасля жала, касiла, арала, секла дровы. У маладосцi яна магла падняць шасцiпудовы мех збожжа, усцягнуць на зруб бервяно, забратаць бадлiвага быка. Праца зрабiла яе моцнай, каржакаватай, засцерагала ад хворасцi, загартавала да нягодаў жыцця, але жаночай прывабнасцi, таго нечага патрэбнага i незаменнага, што вабiць мужчын, у яе, вiдаць, не было. Мiналi гады, яе сяброўкi павыходзiлi замуж, мелi дзяцей, а яна ўсё заставалася ў дзеўках i пакрысе старэла.
Адзiнокае жыццё прывучыла яе многа думаць, пiльна прыглядацца да людскiх адносiн i спраў. Часта ёй здавалася, што людзi бываюць несправядлiвыя да самiх сябе, не цэняць, не бачаць тое вялiкае ў жыццi, што так цанiла i чаго доўгiя гады прагнула яна.
З ёй разам працавала вахцёркай Драздова — сярдзiтая, знерваваная, абсыпаная дзецьмi нестарая яшчэ кабета. Заўжды яна была незадаволеная, раздражненая, лаяла ўвесь свет i асаблiва свайго мужа Арцёма, маўклiвага падатлiвага цесляра з будтрэста. Зрэшты, гэтак жа груба ставiлася яна i да дзяцей — усё крычала i скардзiлася, што гэтая сям'я спарахнiла яе маладосць. Фрузына, бываючы часам ва ўстанове ў яе дзяжурства, моўчкi без спачування слухала яе нараканнi на шматлiкiя турботы жыцця i думала, што гэтая жанчына проста не бачыць свайго вялiкага неацэннага шчасця. Нават маленькая частачка з таго, што гэтак дапякала Драздовай, магла б ашчаслiвiць Фрузыну. Яна нiколi не лаяла б мужа за тое, што той з палучкi прапiў з таварышамi якую дзесятку, што ён шмат курыць цi часам запознiцца з працы. Яна не сварылася б на дзяцей, маленькiх пяцi-сямiгадовых карапузаў, калi тыя, несучы мацi на працу сняданак, зазяваюцца на вулiцах i астудзяць ежу. Яна вельмi б даражыла гэтым цiхiм маленькiм шчасцем, калi б толькi яно было ў яе. Але iшлi гады, i нiхто яшчэ не сказаў ёй нiводнага слова пяшчоты, усе былi заняты сваiмi справамi, сем'ямi, i радасць толькi мроiлася ў яе далёкiх, недасяжных марах.