Читать «На сцяжыне жыцця» онлайн - страница 3
Васіль Быкаў
Яна часта казала людзям i самой сабе: кожнаму сваё, што каму на раду напiсана, таго не мiнеш. I яна пакрысе прывыкла да адзiнокага лёсу немаладой бабылкi, цешыла сябе людскiм шчасцем, радавалася чужой радасцю i бедавала з чужых бедаў. Свайго — нi добрага, нi благога, нi асаблiвых трывог — у яе не было.
Так яна пражыла б да канца сваiх дзён, каб не тыя акалiчнасцi лёсу, што нарыхтавалi нечаканы паварот на яе сцяжыне жыцця.
Аднойчы ўжо глыбокай снежнай зiмою, седзячы ля тых вялiкiх дзвярэй, яна запрыкмецiла, як у адным месцы рассохлiся старыя фiлёнкi, утварылася шчылiна, у якую прадзiмае вецер. Жанчына прыбрала з прыпола клубок з недавязанай рукавiцай i праз чорны ход пад лесвiцай выйшла на панадворак. Тут быў гараж, у вялiзных адчыненых варотах стаялi машыны, i Фрузына хацела ўбачыць каго са знаёмых шафёраў, каб папрасiць пакулля.
Аднак знаёмых нiдзе не было. Параскiданыя ля гаража на ўтаптаным, заплямленым снезе валялiся цяжкiя скаты, скрынкi, бочкi. Гарластая шаферская братва падалася, вiдаць, у сталоўку, толькi ў апошнiх дзвярах чуўся бразгат жалеза. Схаваўшы ў кiшэнькi ватоўкi астылыя на марозе рукi, Фрузына нясмела падышла да гэтых дзвярэй i спынiлася. У машыне з задраным угору капотам, перагнуўшыся цераз радыятар, калупаўся незнаёмы, нядаўна прыняты на працу шафёр, i яна звярнулася да яго з нясмелай сваёй просьбай.
Шафёр не адразу адказаў ёй, спярша прыкруцiў у маторы нейкую трубку, пасля выпрастаўся, узняў да яё немалады ўжо, не дужа часта голены, замурзаны твар, выцер ватнiм рукавом успацелы лоб i спытаўся:
— Гэта куды? А, да дзвярэй. А што, некаму паправiць? А заўхоз дзе?
Ён казаў гэта грубавата, як чалавек, якому замiнаюць, у якога безлiч сваiх пiльных спраў, i яна ўжо пашкадавала, што звярнулася да гэтага малазнаёмага шафёра. Але затым ён саскочыў з высокага буфера, узяў нешта ў кабiне i, упэўнена ступаючы шырокiмi падэшвамi падшытых валёнак, накiраваўся ў будынак.
— Ану, дзе, паказвай.
Яна наказала тое месца, шафёр, усё нiчога не гаворачы, нешта прыстукнуў, нешта прыцiснуў, забiў цвiк i напаследак грукнуў кулаком у счарнелыя фiлёнкi.
— Ну вось, парадак. Цяпер не прадзьме.
Яна стала дзякаваць яму, ды за адным разам паскардзiлася, што пад акном падцякае батарэя, надакучыла ўжо выцiраць анучай, што колькi ўжо прасiла заўхоза, але таму не даходзiць, усё болей швэндаецца па пiўных, без ста грамаў не падступiшся. Дастаючы закурку, шафёр слухаў, глядзеў на яе сур'ёзным няласкавым позiркам i, зацягнуўшыся разы два, паабяцаў:
— Ладна, паправiм. Цяпер няма калi, а пасля абеду папраўлю. Напомнiш, цётка.
Напаследак ён, здаецца, усмiхнуўся ледзь-ледзь, аднымi толькi куточкамi вачэй i, пакiнуўшы ў вестыбюлi моцны, непрывычны тут пах махоркi, выйшаў. Ёй чамусьцi адразу зрабiлася вельмi самотна адной i захацелася яшчэ зiрнуць у акно, як ён, няспешна тупаючы па снезе, iшоў да сваёй машыны.
Батарэю ён адрамантаваў, праўда, не пасля абеду, а на другi дзень i зноў, закурваючы, спынiўся ля Фрузыны, пазiраючы, як спрытна мiльгаюць у яе руках сталёвыя пруткi i ўвачавiдкi даўжэе, расце рукавiца.