Читать «На сцяжыне жыцця» онлайн - страница 5
Васіль Быкаў
— Добры вечар, гаспадыня. Цi не паможаце ў бядзе, так сказаць? Лiха на яе, машына занаравiлася — аднаму не справiцца.
Фрузына ўжо развязала хусцiнку, але зноў чамусьцi пачала закручваць на шыi рагi, пазiрала на чалавека, як ён не дужа ёмка таптаўся ля парога, i сэрца жанчыны ў нейкiм недарэчным прадчуваннi хутчэй затукала ў грудзях.
— А што здарылася? — як мага спакайней спыталася Фрузына.
— Э, — здзiвiўся шафер, прыгледзеўшыся i толькi цяпер пазнаючы яе. — Гэта вы? Тут жывяце?
— Ды тут. Вось прыйшла толькi.
— А я гляджу — святло загарэлася, думаю, дай пастукаю, — казаў ён ужо больш упэўнена i з прыкметнай iскрынкай радасцi ў голасе. Адталымi пляскатымi валёнкамi прагiнаючы маснiчыны, ён адышоў ад парога.
— Чорт бы яе ўзяў, шафёрскую долю. У Мiнск ездзiў учора, праз ноч туды, цяпер адтуль i вось не дацягнуў — кандэнсатар прабiла. А тут адзiн, машыну не кiнеш i завесцi нельга — хоць плач. Можа б, вы паглядзелi, каб не чапаў хто? Цi, можа, у гараж падскочылi б, там у хлопцаў ёсць запасныя. А то проста бяда…
Яна, усё яшчэ недарэчна хвалюючыся, запрашала шафёра прысесцi, пагрэцца, казала нешта пра холад у пакоi — не паспела насекчы дроў, а сама тым часам апранала ватоўку, гатовая ўслужыць чалавеку.
— Што ж, калi трэба, дык трэба. Я хутка, аўтобусам. Але як яе, гэтую частку?
— Кандэнсатар, там у Змiтрукова цi ў Цярэшчанкi спытаеш — дадуць, — казаў ён, выпраўляючыся за ёю. — Я i сам збегаў бы, ды груз у машыне, на шашы ўсё ж.
У яго голасе чулася вiнаватасць за тое, што турбуе, ён збiраўся выйсцi следам, але яна запрапанавала:
— А вы нiшто, не турбуйцеся. Пагрэйцеся тут. Калi што, дык у акно вiдаць.
Ён падзякаваў i застаўся, стомлена апусцiўшыся на лаўку ля акна, а яна, на хаду зашпiльваючыся, падалася ў горад — трэба было спяшацца, каб не зачынiлi гараж.
Кандэнсатар Фрузына адразу ж дабыла ў Змiтрукова, ён аказаўся маленькай лёгкай штуковiнай, але часу на абодва канцы шляху ўсё ж мiнула нямала. Калi яна зноў адчынiла свае дзверы, святло ў пакоi было выключана, пэўна, каб лепей бачыць у акно. У расчыненай грубцы, пырскаючы iскрамi, трашчалi сукаватыя смалякi, што нерассечаныя гады два валялiся на панадворку, а побач, на табурэтцы, змораны, аблакацiўшыся на шырока расстаўленыя каленi, драмаў шафёр. Ён не варухнуўся на стук дзвярэй i, звесiўшы долу заблытаныя валасы, цiхенька i мерна высвiстваў носам.
Фрузына паклала на стол кандэнсатар, зняла ватоўку, стараючыся не нарабiць шуму; пацерла густа запацелую шыбу, каб бачыць машыну, i прысела на лаўцы.
Невядома, колькi мiнула часу, а шафёр усё драмаў. Дровы ў печцы спакваля дагарэлi, пакiнуўшы груду зiхатлiвага вуголля. На сцяне пад столлю варушылiся густа-барвовыя водблiскi; схiленую голаў, плячо i рукаў чалавека залiло гарачай мiгатлiвай чырванню. Ад грубкi на ўвесь кут i паўстолi нерухома падаў вялiзны раскiдзiсты цень чалавека.