Читать «Знак бяды» онлайн - страница 82

Васіль Быкаў

— Бярыце. Цяпер жа ўсё — ваша.

Яна паварочвалася і выходзіла з хаты, паспеўшы, аднак, заўважыць на ражку стала, мусіць, не кранутую ім ежу — міску астыглай бульбы, гарлач малака і дзве лусты хлеба, якія прынесла ўранку. Стары зусім перастаў есці — невядома, як думаў жыць. Так можна было хіба паміраць.

Ёй было шкада яго, і гэтае шкадаванне надта азмрочвала іх вялікую радасць першага гаспадарання на ўласнай зямлі, усведамленне таго, што кабылка Ласка цяпер зусім іхняя, таксама як і чорная рахманая кароўка, не дужа, праўда, малочная, але маладая. Наперадзе было вольнае жыццё з безліччу клопатаў, цяжкой працай, але без прынукі, жыццё, дзе ўсё благое і добрае будзе залежаць толькі ад іх дваіх з Пётрам і ні ад каго болей. Гэта так радавала, узносіла аж пад самае неба ў шчасці, ад прадчування якога часам яна аж скаланалася — не верылася нават, што так усё павярнулася. То была ўдача, якую можна было хіба што сасніць.

Калі б толькі побач у хаце як жывы дакор ім не сядзеў днямі, саставіўшы з ложка ногі, ссохлы, лысы, раздушаны жыццём і няшчасцем стары.

Неяк яна не стрывала і ўвечары, управіўшыся са скацінай, сказала Петраку, што трэба пагаварыць з Яхімоўскім, што так нягожа, яны ж з ім столькі жылі ў добрасці і згодзе, без сваркі, а цяпер… Зноў жа трэба сказаць, што іхняй віны тут няма, што так павярнула ўлада, што тыя дзве дзесяціны ім далі, але яны іх не прасілі. Узялі, праўда, але калі б не ўзялі яны, дык бы аддалі іншым — ці мала галыцьбы на свеце. Трэба было неяк паддобрыцца да Яхімоўскага, каб не злаваў, а жыць — хай жыве ў хаце, яны пераб'юцца ў істопцы, пакуль не агораюць як-небудзь якую сваю хаціну. Як устануць на ногі. Яна ж будзе глядзець старога, няўжо ж за ягоную ласку яна не аддзячыць яму на яго ж зямлі!