Читать «Знак бяды» онлайн - страница 74

Васіль Быкаў

Ды ўжо ж, мабыць, запомніла яна і ўсе іншыя, хто быў той вечар у няпаленай школцы — болей дзецюкі і пераросткі, што сабраліся на лікбез, і сярод іх толькі дзве жанчыны — Сцепаніда Багацька і Ганна Багацька, або, як яе звалі, — Анюта. Не, не радня — чужыя, проста ў Выселках паўвёскі былі Багацькі, а яшчэ паўвёскі — Недасекі, Гужовы, невялікая сям'я Ганчарыкаў. Пад поўнач, як скончыліся заняткі, яны ўдзвюх выйшлі са школы і нетаропка пайшлі ў канец Выселак.

Анюта ўвесь вечар была невясёлая і, чытаючы, рабіла памылкі, Сцепаніда нават падказала ёй двойчы: «Да працы ўсе, хто чуе сілу, пад сцяг чырвоны, вольны сцяг!» — а тая ўсё роўна не запомніла. Нешта з ёю рабілася незразумелае. Праўда, Сцепаніда не мела такога звычаю — лезці з роспытамі ў чужую душу, хапала свайго ўласнага клопату. Аднак Анюта сама не ўтрымалася.

— Ці ведаеш, цётачка, радасць жа ў мяне. Але ж во, нярадасна.

— Чаму ж нярадасна, калі радасць? — падзівілася Сцепаніда.

Яны ішлі вузкай, укатанай саньмі вуліцай, угары над стрэхамі пазірала ва ўсё сваё зіхоткае вока поўня, густа раіліся зоркі; ладны мароз браў за шчокі і пальцы — Сцепаніда схавала рукі ў рукавы кажушка, сашчапіла на жываце. Але было дужа слізка, ішлі дробненькім няпэўным крокам. Каб не ўпасці, Анюта ўзяла Сцепаніду за локаць.

— Дык гэта ж, дамовіліся з Васілём Ганчарыкам на жэнскі дзень ажаніцца. Учора быў, з бацькам раіўся ўвечары.

— Ну дык добра ж, — сказала Сцепаніда. — Вася ж хлопец харошы. Кажуць, міліцыянерам будзе рабіць?

— Будзе, ага. Ён такі разумны, такі ласкавы…

— Любіш яго?

— Ой, цётачка, не знаю, як і сказаць вам. Дужа ж люблю яго.

— Ну і добра. Чаго ж бедаваць? Радавацца нада.

— Дык я ж бы і радавалася. Але ж вянчацца не хоча.

— Ну, такой бяды, што не хоча! Цяпер жа робяць камсамольскія вяселлі, без папа. У сельсавеце запішуцца, павыступаюць, і ўсё.

— Дык я ж нічога… Ды — бацька! — уздыхнула Анюта. — Бацька не хоча так, без папа. Кажа, няшчасны шлюб будзе. А я ж не хачу, каб няшчасны. Я ж столькі шчасця жычу сабе і яму, каб ты толькі ведала, цётачка…

— Ай, не слухай ты, Анюта. Ад папа шчасця нямнога. Даўней, бывала, усе ў царкве вянчаліся, але хіба ўсе шчасна жылі? О-ей! А цяпер, што там бацька! Як вы схочаце, так і будзе.

— Яно так. Але ж…

Анюта змоўкла, аддаўшыся сваёй журбе, і Сцепаніда падумала: як не ў пару! Яшчэ не выйшла замуж, а ўжо скруха-клопат, ужо сохне дзеўка. Канешне ж, Анюта не з тых нявест, якім абы павярнуць па-свойму, абы абкруціць жаніха. Ёй трэба яшчэ, каб і іншым ля яе было добра, каб бацька не сварыўся, давольны быў, каб усё абышлося ладненька і прыстойна. Ну але хіба Ганчарык пагодзіцца браць шлюб у папа ці, як даўней, гуляць вяселле са сватамі і сваццямі, шаферамі, сяброўкамі, пітвом і цалаваннем? Мабыць, яму, камсамольцу, тое нягожа.

— Цётачка, можа б, ты як прыйшла, папрасіла бацьку. Ён жа цябе паслухае, — раптам прыпынілася Анюта. У яе тоненькім голасе былі такая скруха і адначасна такая надзея, што Сцепаніда хуценька пагадзілася: