Читать «Знак бяды» онлайн - страница 60

Васіль Быкаў

— Ах ты чорт! — заклапочана крутануўся Гуж. — Ну торбу бяры, якое вядро…

— Дзе я вазьму вядро? Гэта ж іхняе.

«Не, Сцепаніду голымі рукамі не возьмеш, — можа, першы раз са шчырым захапленнем падумаў Пятрок. — Калі ўжо заўпарціцца, дык паякочаш. І я цяпер табе не памочнік. Прымушай, калі ўмееш!»

За гаманой на падворку яны не адразу ўчулі, як з гасцінца збочыла тая іх вялізная машына і неўзабаве ўкацілася ў самыя вароты. Яна яшчэ не спынілася, як з кабіны неяк дужа паспешна вываліўся рухавы фельдфебель, на ягоным счырванелым твары было нейкае ажыўленне — добрае ці не — цяжка было зразумець упачатку.

— Вас іст дас? — гыркнуў фельдфебель, спыняючыся перад Гужом. Той няўклюдна спрабаваў узяць пад казырок, але яму ўсё сапсавала вінтоўка, почапка якой слізганула са скуранога пляча і павісла на локці.

— Вас іст дас? Что ест это? — зусім ужо нядобра паўтарыў фельдфебель, беручы рукі ў бокі, і стаяў так, маленькі і таўставаценькі, перад няўклюднай рукастаю постаццю Гужа.

— Прыказ на бульбу, пан афіцэр. На картошку! — удакладніў Гуж. — Каб выбралі да нядзелі.

— Вас іст дас? — не прыняўшы тлумачэння, яшчэ болей раз'ятрана загырчаў фельдфебель і ступіў яшчэ на крок бліжэй да Гужа.

— Я ж кажу, пан афіцэр, загадана ўсім на картошку. Пан бургамістр…

— Вас іст дас? — зноў цвердзіў сваё фельдфебель, і Гуж на гэты раз, мусіць, з'еў усе словы. Выцягнуўшыся і вырачыўшы на немчыка вочы, ён моўчкі стаяў, аж покуль той не страпянуўся і неяк дужа ўжо спрытна знізу ўгору пляцнуў яго два разы — па адной і па другой шчацэ. Паліцай хіснуўся разам з вінтоўкай, якую аблапіста хінуў да сябе, мусіць, чакаючы і яшчэ аплявух. Але болей фельдфебель не біў, толькі разгоніста ткнуў кароценькім пальчыкам на варотцы з падворка.

— Вэк!

І калі Гуж не то спалохана, не то ўзрадавана таропка засігаў да варотцаў, фельдфебель абразліва працадзіў праз зубы:

— Ванютші паліцайшвайн…

— Ага… Правільна вы яго. Нядобры чалавек, — не ўтрымаўся Пятрок, дужа задаволены тым, што атрымаў Гуж. Ён аж калаціўся ад радасці, але фельдфебель неяк недаўменна зірнуў на старога, быццам першы раз убачыў яго, і нядобра прыжмурыў вочы.

— Офіцірклазет фертіг?

— Дык дзе ж я зраблю, калі во гэты прыпёрся! — пачаў Пятрок, здагадаўшыся, пра што пытае немец. Але тут жа ён схамянуўся і змоўк, згледзеўшы, як фельдфебель неяк паспешліва сігануў да яго збоку. У наступны момант ён ледзь не заекатаў ад болю — нічога не кажучы, фельдфебель торкнуў яму такога выспятка, што Пятрок аж падскочыў. «Ой, Божачка мой!» — толькі і паспеў ён сказаць сабе ў думках, як апантаны вылецеўшы праз дзірку на гарод.

11

Сцепаніда сама не ведала, як перажыла тую гадзіну ранкам, калі немцы трэслі сядзібу, пераварочвалі набытак. Тое, што ноччу яе ніхто з іх не бачыў, было пэўна ўжо, але ад гэтага не рабілася лягчэй, думалася рознае. Зноў жа вінтоўка прапала менавіта тут, на хутары, і таго, мусіць, было даволі, каб жорстка пакараць ягоных гаспадароў. Дзіўна, як учарашняю ноччу, ахопленая толькі адной сваёй прагай зрабіць ім шкоду, яна не падумала аб тым. А як даўмелася, дык ёй стала страшна.