Читать «Знак бяды» онлайн - страница 58

Васіль Быкаў

Машына, чуваць было, ужо завуркатала маторам, мабыць, усе там паселі, — Пятрок, каб упэўніцца, зірнуў з-за рога дрывотні. Так, надворак амаль апусцеў, машына, разграбаючы вялізнымі коламі зямлю на гародзе, разварочвалася пад ліпай. Ля кухні застаўся адзін Карла, і ля яго пад тынам уладкоўвалася абіраць бульбу Сцепаніда. «Ну, ведама, далі ўсім працы», — падумаў Пятрок, згледзеўшы перад жонкай паўмяшка бульбы, мабыць, набранай у ягоных сенцах. Усё аддаляючыся са сваім вуркатам, машына папаўзла да дарогі, і Пятрок з рыдлёўкай выйшаў на падворак, адчуваючы на душы немалую палёгку ад таго, што ўрэшце збавіўся ад гэтай навалы. Але, мусіць, рана парадаваўся — паміж палаткаю і вокнамі хаты стаяў, тоячы важную міну на твары, малады немец з вінтоўкай, над якой тырчэў блішчасты шырокі штык. «Ну во, паставілі вартавога, — здагадаўся Пятрок, адразу вяртаючыся да сваёй звыклай паныласці. — Мабыць, радасці тут не дачакаешся», — падумаў ён, выпраўляючыся цераз падворак да сваёй работы, як пачуў голас Карлы:

— Фатэр, ком!

Карла стаяў ля кухні над нейкім вялізным чанам. Калі Пятрок падышоў бліжэй, прыпадняў над чанам накрыўку, там было мяса. Пэўне ж, Бабоўчына мяса. Ухапіўшы добры кавалак за абломак касці, ён спярша паднёс яго Сцепанідзе. Тая, аднак, грэбліва пакруціла галавой.

— Не буду.

Тады Карла павярнуўся да Петрака, і той узяў з яго рук ладны кавалак з косткай. Ад мяса ішоў смачны і сытны пах, вельмі захацелася есці, але Сцепаніда так з'едліва зірнула на Петрака, што той сумеўся.

— Гэта… Можна апасля, пан Карла? Ведаеце, лепш, каб вы далі гэта самае… Прыкурыць.

— Куріц! — зразумеў Карла. — Я! Яволь.

І ён дастаў з кішэні пачак цыгарэт, яны закурылі па адной, Пятрок прагна зацягнуўся, усё трымаючы ў руцэ кавалак мяса.

— Я гэта… пакладу. Ну, каб апасля, — паказаў ён на мяса і на істопку.

— Я, я, — пагадзіўся Карла.

Пятрок хуценька падаўся да сенцаў, але тут ад палаткі рашуча ступіў вартавы.

— Хальт! Ферботэн!

— Што?

— Хальт! Цурук! — абвясціў ён, спрытна перагарадзіўшы шлях да парога. Яго ладны ружовашчокі твар адразу зрабіўся каменным.

«Вой ты, гора! — падумаў Пятрок. — Ужо не пушчаюць і ў хату. Як жыць тады?» Але, мусіць, так: ужо не пускалі і ў істопку. Пятрок патаптаўся на падворку, да пазногця дакурыў Карлаву цыгарэтку. Карла, часам зыркаючы на яго незразумелым позіркам, пачаў тупаць ля кухні. Ля паркана абірала бульбу Сцепаніда, якая, мусіць, каб не бачыць нікога на падворку, павярнулася да ўсіх спіной.

Што зробіш — Пятрок са шкадаваннем паклаў кавалак на белы метал накрыўкі і пайшоў у свой кут на гародзе. Трэба было капаць афіцэрскі клазет.

Капаць спярша было лёгка, рыдлёўка на ўвесь штык лезла ў мяккі агародны перагной, які Пятрок патроху адкідаў ад плота. Але затым зямля стала цвярдзейшая, пайшла гліна, тут трэба было дзяўбці ды яшчэ нязручна паварочвацца з рыдлёўкай у цеснай ямцы. Хоць надвор'е зранку выдалася сцюдзёнаватае і ветранае, Пятрок хутка ўгрэўся, расшпіліў кажушок. Ужо ён выкапаў да калена, прытаміўся і адчуў, што так неўзнарок можна і спазніцца. Мабыць, ужо мінула палова, калі не болей, дадзенага яму тэрміну, а палавіна яміны яшчэ не была выкапана. Але ён уходаўся, аж змакрэла спіна пад кажушком, і, каб трохі спачыць, прысеў на край яміны.