Читать «Знак бяды» онлайн - страница 57

Васіль Быкаў

— Сцепаніда, Сцепаніда, глянь! Глянь! — амаль спалохана загаманіў ад акенца Пятрок. — Во дзіва! Поўху яго як рэзне…

Сцепаніда, аднак, зябка хуталася ў ватоўку і не ўстала з сеннічка, а Пятрок, як на якое цікавае кіно, глядзеў праз акенца на тое, што адбывалася на падворку. Немцы ў страі паныла маўчалі, маўчаў і злы кухар, які таксама стаў у канцы шарэнгі, а афіцэр, заклаўшы за спіну рукі ў пальчатках, хадзіў перад строем і нешта гаварыў і гаварыў там адрывістым голасам. Скажа, памаўчыць, зробіць тры крокі, спыніцца, зноў скажа і зноў памаўчыць. Мяркуючы па змрочных выразах салдацкіх твараў, гаварыў ён не надта вясёлае — мабыць, адчытваў, ці што. Петраку было пэўна, што там нешта здарылася і што правініўся кухар. Увогуле гэта было цікава, але Пятрок пачаў трохі пабойвацца, каб тое ліха не перакінулася і на яго з Сцепанідай. Аднак, мабыць, усё залежала ад афіцэра. Пятрок ужо ведаў пэўна, што найбольшы тут пан гэты афіцэр і што добрага ад яго чакаць не выпадае, а на благое, мяркуючы па ўсім, ён гатовы заўжды.

Але во натацыя на падворку скончылася, строй рассыпаўся, некаторыя пачалі закурваць, а іншыя палезлі ў брызентавы будан машыны. «Ці не выберуцца зусім?» — абнадзеена падумаў Пятрок, ды, мусіць, выбірацца было яшчэ рана. На падворку яшчэ заставаліся шэрая палатка, кухня, афіцэр нешта памахаў рукамі перад фельдфебелем, і той раптам пакаціўся к прыступкам. Сэрца ў Петрака ёкнула: ці не сюды, у істопку?

Ён не памыліўся. Праз момант дзверы істопкі шырока расчыніліся, і фельдфебель, нібы сабачку, паманіў яго пальцам з парога:

— Ком! Ком-ком…

— Я?

— Я, я. Ты, — пацвердзіў фельдфебель.

Пятрок трохі паправіў шапку і пайшоў за ім цераз сені на двор. Салдаты ўжо ўсе садзіліся на машыну — лезлі па чарзе цераз задні борт, афіцэр стаяў ля расчыненых дзверцаў кабіны. Цераз дзірку-праломіну ў тыне фельдфебель пралез у гарод і, растоптваючы буракі на градзе, дробненька патупаў у яго дальні канец збоч садка. Пятрок з недаўменнем шкандыбаў следам.

— Клазет ніхт? — запытаў фельдфебель, раптам спыняючыся.

— Каго? — не зразумеў Пятрок.

— Сральня ніхт?

— Няма… Дык гэта, калі што трэба, дык…

Пятрок хацеў падрабязней растлумачыць гэта далікатнае пытанне, паказаць на хлеў, які цяпер пуставаў без патрэбы. Але фельдфебель не стаў слухаць яго, а кароценькімі нагамі адмераў тры шырокія крокі ля зарасніку парэчак ля плота.

— Офіцірклазет! — аб'явіў ён рашуча. — Драй час врэмя. Фэрштэйн? Панятнё?

— Дык панятна, — не зусім упэўнена сказаў Пятрок.

Што ж, гэта было не самае горшае — выкапаць ім клазет.

Пятрок нават узрадаваўся, што ўсё абышлося так проста. А ён ужо думаў… Ён аж спалохаўся, каб гэтая ямка не стала яго апошняю ямкай. Хіба ім доўга…

Ён вярнуўся да хаты і на дрывотні выцягнуў з-за дошак старую паржавелую рыдлёўку. Такой капаць не надта каб зручна, але за тры гадзіны, можа, як выкапае. Трэба выкапаць, бо чорт іх ведае, што будзе, калі не ўправіцца.