Читать «Знак бяды» онлайн - страница 56

Васіль Быкаў

— Быццам нешта згубілі, — сказаў ён жонцы.

Але не паспела тая адказаць, як усе ад кухні рушылі да сяней, густа затупалі ботамі і ўжо не адзін, а трое адразу ўваліліся ў істопку, і пайшло… Са злым, рашучым выразам на тварах яны пачалі пераварочваць дагары нагамі ўсе дзежкі, кубелкі, скідаць з цвікоў транты; разграблі нагамі кучу бульбы ў сенцах, з грукатам адкінулі прэч вечка куфра і ўмомант перавярнулі там усё. Пятрок сцяўся ля шула, ён маўчаў, бо ў яго не пыталіся нічога. Ён пазіраў толькі, як даўгалыгі немец зласліва варочае ўсё ў істопцы: кашы, адсоўвае кадзь з канаплёй, рассоўвае спрэс чыгуны. Падскочыўшы да Сцепаніды, каленам перамацаў яе сеннічок на ўслоне. У акенца Пятрок бачыў, як некалькі салдат узлезлі на снапы ў паветцы і таксама пароліся там, ботамі таўкучы яго хлебны запас, скідваючы некаторыя снапы на зямлю ў вароты.

— Што, паны, шукаеце? — як мага ласкавей запытаўся Пятрок.

Даўгалыгі, змераўшы яго ледзяным позіркам, нешта незразумела прагергетаў, злоснае ці пагрозлівае, і Пятрок не пытаўся болей. Урэшце, пакінуўшы разгромны вэрхал у сенцах і ў істопцы, немцы вымеліся на падворак і там усё яшчэ хадзілі па завуголлі, зазіралі на прызбы, за тын у крапіву і нават на аброслую мохам страху істопкі.

— Здурнелі, ці што? — зусім ужо недаўменна сказаў Пятрок.

Мусіць, трэба было рабіць нейкі парадак, але ён раптам учуў знадворку знаёмы гук струны і злякнуўся: яны апаролі ягоную скрыпку. «Ах ты, горачка яшчэ», — падумаў Пятрок, гатовы заплакаць ад такой прыкрасці. Але што тут было рабіць? Калі ўзялі, дык, пэўна, пазабавяцца ды, можа, аддадуць. А калі не аддадуць, дык паб'юць, паламаюць? Не надта, аднак, разважаючы, ён памкнуўся ў сенцы якраз у той час, як з хаты адчыніліся дзверы і з іх, угнуўшы галаву ў высокай фуражцы, вылез афіцэр і за ім выкаціўся кругленькі фельдфебель. У сенцах яны сутыкнуліся, і Пятрок блытана ад хвалявання загаманіў:

— Пан ахвіцэр, няхай мне аддадуць яе… Ну, скрыпку. Бо мая ж гэта, ведаеце…

— Вэк! — гыркнуў, нібы бізуном ляснуў, афіцэр.

Праклінаючы ўсё на свеце, Пятрок задам падаўся ў істопку і ціхенька прычыніў дзверы — ля акенца поўная напружанай увагі стаяла Сцепаніда.

— Прапала скрыпачка, — сказаў Пятрок. — І якая халера ў іх здарылася?

«Пэўна ж, здарылася нешта кепскае», — думаў Пятрок, учуўшы, як на падворку прагучала каманда і ў акенцы стала відаць, як немцы пачалі строіцца — радком у дзве шарэнгі, з вінтоўкамі ў руках. Усе сталі ў строй — і фельдфебель, і Карла, на падворку перад строем застаўся афіцэр, падпяразаны па шынялі, і перад ім паныла стаяў з апушчанымі рукамі перахлябісты кухар. Ягоная белая куртка таксама была падпяразана дзягай з двума парнымі скуранымі падсумкамі. Угнуўшы галаву, кухар паныла глядзеў перад сабой у мураву падворка і, толькі калі афіцэр нешта сказаў, падняў вузкі хваравіта-зацяты твар і коратка прамовіў два словы. Тады афіцэр коратка, без размаху пляцнуў яго па шчацэ. Немец хіснуўся, але не саступіў з месца.