Читать «Знак бяды» онлайн - страница 55

Васіль Быкаў

Але вось з'елі і Бабоўку. Пятрок трохі і злаваў ад думкі, што, можа, трэба было не рыпацца, аддаць ім тое малако, хай бы жралі сабе, калі такія аматары на малочнае, нашто было хітраваць? Праз гэтыя Сцепанідзіны хітрыкі, мабыць, і засталіся цяпер без каровы. Але ўпэўненасці ў тым не было, Пятрок разумеў, што магло здарыцца так, што ўсё роўна адабралі б карову, — не цяпер, дык пасля, ад'язджаючы. Вядома, лепей было б схаваць. Толькі як схаваеш і дзе? Карова не курыца, у крапіве не стоіцца. Ды і хто ведаў, што яны гэтак нечакана награбуцца на хутар.

У істопку данёсся знадворку прыемны, саладкаваты, быццам нават знаёмы пах, і Пятрок не адразу ўцяміў, што гэта запахла кавай. Ну пэўна ж, ён чуў яшчэ з той вайны, што германцы зранку найперш п'юць каву, а не які-небудзь квас або чай, як, напрыклад, расейцы. Пятрок ніколі не спытваў гэтага пітва і думаў, што, мабыць, яно дужа смачнае. Але што марыць пра каву, тут во солі засталося жменькі са тры, як без солі будзеш есці гэтую бульбу! Не палезе ў горла. Бяда, дый годзе!

Знадворку патроху віднела, але сонца не было відаць, чутно толькі — у страсе шастаў напорысты вецер, здаецца, на ўчарашнім дні і скончылася добрае надвор'е. З ночы ў старой, з гнілаватымі сценамі істопцы было халаднавата. Пятрок і так і гэтак туліўся пад кажушком, але ўсё роўна азяб і думаў, што трэба ўставаць. Адным вокам скоса ён зірнуў на сеннічок пад акенцам — Сцепаніда, бы нежывая, ляжала скурчаная пад ватоўкаю, і ён падумаў: перажывае Бабоўку. Ведама ж, якое бабе жыццё без каровы? Без каровы жанчыне нельга.

Толькі ён надумаўся ўставаць, як дзверы ў істопку моцна тузануліся з сянец і на парозе з'явіўся немец — той самы злы кухар у перакручанай упоперак галавы пілотцы, за ім ішоў малады ў акулярах. Пятрок хуценька сеў на дзежках, мацаючы рукавы кажушка, а кухар, нічога не кажучы, бліснуў ручным ліхтарыкам і замітусіў ім па істопцы, высвечваючы па чарзе пыльныя камяні жорнаў, паліцу, вялікую кадзь у куце; падскочыў да парожніх засекаў, пачаў расчыняць вечкі, зазірнуў ва ўсе тры. Два былі парожнія зусім, а ў трэці яны насыпалі з торбу ячменю — на крупы. Затым, гаркнуўшы: «Вэк!» — ён падскочыў да Петрака, той босы зляцеў на сцюдзёную падлогу, а немец паскідаў прэч усе яго апраткі, накрыўкі з дзежак, зазірнуў у кожную. Невядома, якога чорта шукаючы, сагнуўся пад жорны, абматляў белаю плямкай з ліхтарыка сцены, куткі, нават столь і, не сказаўшы ні слова, выскачыў у сенцы.

Пятрок надзеў у рукавы кажушок, зачыніў за ім дзверы і павярнуўся да жонкі, якая з абыякавым выглядам сядзела на сваім сеннічку.

— Што гэта ён?

Сцепаніда цепнула плячыма і моўчкі ахінулася хусткай, нетаропка надзела ватоўку. Здавалася, яна была абыякавая да з'яўлення немца, адны толькі вочы сведчылі, што яна пільна прыслухоўвалася да таго, што адбывалася на падворку. Пятрок, нічога не цямячы, зазірнуў у акенца — немцы там штось узбуджана, нават нібы напалохана гаманілі, пастаўшы ля кухні, некаторыя чамусь швэндаліся ля хлява, па дрывотні. Чаго яны там шукалі?