Читать «Знак бяды» онлайн - страница 35

Васіль Быкаў

— Глядзі, ідуць!

— Хай ідуць.

Але чорт ведае, што было ім рабіць — стаяць ці хавацца, ці, можа, выйсці і сустракаць гасцей на парозе. Пятрок разгубіўся трохі і калі, згробшы з галавы кепку, сунуўся на парог, немцы ўжо ступілі на камяні насустрач. Тады ён падаўся назад, у сенцы, адступіў задам да істопкі, утаропіўшыся ў твар афіцэра, каб зразумець, з чым — благім ці добрым — ідзе той у гэты іх дом. Ды толькі на яго маладжавым, добра паголеным твары нічога не было, апроч хіба спакою і камандзірскае цвёрдасці, цёмныя вочы яго пад чорнымі брывамі толькі безуважна слізганулі па гаспадарах, даўжэй затрымаліся на змрочным падстрэшшы сенцаў; вяртлявы фельдфебель ужо расчыняў дзверы ў хату, і афіцэр нетаропка пераступіў парог. Дзверы за сабой яны не зачынілі, Пятрок чуў з сянец, як яны там не доўга пагаманілі аб чымсьці, але галасы былі сцішаныя, быццам спакойныя. Пасля з ранейшай дзелавой мітуслівасцю фельдфебель высунуўся з дзвярэй і некага таропка гукнуў з падворка («ком, ком»), два салдаты, грукаючы цяжкімі ботамі, кінуліся да ганка, фельдфебель нешта загадаў ім, тыя згодна азваліся: «Яволь, яволь!» — і зноў бягом падаліся да вялізнай машыны пад ліпамі. «Аднак дысцыпліна!» — зважліва падумаў Пятрок, не цямячы яшчэ, што ўдумалі тыя, у хаце. Але зараз усё стала панятна — салдаты валаклі з машыны складныя жалезныя ложкі — блішчастыя спінкі, плеценыя з металічных палосаў сеткі, нейкія пакункі, мабыць, з бялізнай і коўдрамі. Пятрок яшчэ адступіў да істопкі, каб не замінаць, і яны, порстка бегаючы, пачалі ўладкоўваць новы ўтулак у хаце, па не высахлай яшчэ падлозе соўгалі лавы, стукалі ложкамі. Да яго са Сцепанідай ніхто не звяртаўся, і Пятрок пачаў спакайнець трохі — можа, усё будзе добра. Ведама, папрацавалі, прыбралі ўсё як след, мабыць, будуць давольны. Але толькі ён падумаў так, як з-за шула ў дзвярах паявіўся вяртлявы фельдфебель, які, нібы малому, кіўнуў яму пальцам:

— Ком!

Адчуўшы раптоўную слабасць у нагах, Пятрок увайшоў у хату, у якой пад абразамі на месцы адсунутага ўбок стала ўжо стаяў сабраны блішчасты ложак з клумкам бялізны на сетцы; з другім яшчэ поркаўся малады мізэрнага выгляду немчык. Мусіць, да Петрака ў іх з'явілася нейкая патрэба, бо афіцэр, расставіўшы ногі, пазіраў на яго ва ўпор. Іх позіркі сустрэліся, і сэрца ў Петрака здрыганулася ад прадчування блізкай бяды.

— Вас іст дас? — з напятай пагрозай у голасе сказаў афіцэр, тыцнуўшы пальцам кудысь у сцяну, абклееную зрудзелымі, сям-там прадранымі ўжо газетамі. Пятрок толькі зірнуў туды, як адразу змярцвеў ад страху — на самым відавоку, дзе дагэтуль вісеў кажух, цямнеўся на газеціне здымак Першамайскага свята ў Маскве і на ім — партрэт Сталіна.

— Вас іст дас? — сцішана паўтарыў немец.