Читать «Знак бяды» онлайн - страница 170
Васіль Быкаў
Яны там перагаворваліся за дзвярыма — прыслухаўшыся, яна пазнала рыклівы голас Гужа, пісклявы падгалосак Каландзёнка, іншыя былі ёй незнаёмы.
— Гэй, акцявістка! — раўнуў Гуж. — Па-добраму адкрой! А то горш будзе! Ты мяне знаеш!
— А скулля вам! — крыкнула яна, не стрымаўшыся, і зараз жа пашкадавала: нашто было з імі вязацца? Хай бы не ведалі, дзе яна, стукалі сабе ў дзверы, біліся галавой аб сцены.
Яна думала, што яны будуць выломваць дзверы, а яны ўдарылі чымсь па акне, у хаце зазвінела, пасыпалася шкло, пасля з трэскам разляцелася рама. Гэта ўжо было горш, гэтак яны хутка будуць у сенцах. Добра, што ў істопцы маленькае акенца, у такое не ўлезеш. Але ж нешта яны надумаюць…
— Багацька, выхадзіце самі, мы біць не будзем, — пачуўся памяркоўны, амаль спакойны голас Свянткоўскага. «І гэты тут! — зласліва падумала Сцепаніда. — Добранькі, называецца…» — Пакажыце толькі, дзе бомба? Чуеце? Вас мы не чэпім.
«Іш, чаго захацелі!» — падумала Сцепаніда і адпаўзла ад дзвярэй да жорнаў. Яны там ці не ўсе ўжо разам тупалі ў сенцах — мусіць, нехта адзін улез у акно і адшчапіў дзверы. Але дзверы ў істопку не адшчэпяць.
Толькі яна падумала так, як дзверы з сянец тузануліся, нешта так грукнула ў іх, што пасыпалася труха са сцяны, і яшчэ загрукала з трэскам — мусіць, яны білі ў дзверы сякерай. Канешне, гэта было ўжо горш, гэта мяняла справу, усё звужаючы тое хліпкае кола бяспекі, у якім яна апынулася і дзе ўсё меней заставалася месца для якой-небудзь надзеі. Але яна ні на што не спадзявалася, яна выразна ўсведамляла свой лёс, толькі да апошняй магчымасці адцягвала свой самы апошні момант.
Так, як хацела яна, на вялікі жаль, не выходзіла, яе планы рушыліся. Але ёй дужа патрэбна было, каб і па-іхняму таксама не выйшла.
Напэўна, яны маглі б застрэліць яе за дзвярыма — схавацца ад кулі тут не было дзе, але яны не стралялі. Мусіць, яна патрэбна была ім жывая. Каб сказаць, дзе бомба, ці што?
Значыць, ад Карнілы галоўнага яны не дазналіся. Але і ад яе не дазнаюцца таксама.
Яны ўжо ці не ўсе чацвёра адразу ламіліся ў дзверы, якія хадуном хадзілі ў пройме, толькі моцныя каваныя крукі і завесы не давалі ім разваліцца ў шулах. Але ж разаб'юць усё роўна. Рана ці позна, Сцепаніда ведала ўжо, што трэба зрабіць, толькі спалохалася ад думкі, што можа спазніцца. На каленях яна сунулася пад жорны і ўпоцемку дрыготкімі рукамі выкаціла адтуль цяжкую суляю з газай.
Яны ўсё білі, дзверы трэсліся і трашчалі, а яна выцягнула драўляную затычку і з шырокага рыльца пасудзіны пляснула на дзверы, затым паабапал дзвярэй, абліла другую сцяну — на падворак. Яна і сама аблілася — рукі, ногі, спадніцу, засмярдзела газай, але цяпер усё тое не мела значэння. Кінуўшы на дол ужо лёгкую пасудзіну, з маленькай кішэнькі ватоўкі дастала запалкі, якімі так і не паспела распаліць грубку, і, стоячы на каленях, чыркнула запалкай па карабку.
Але з першай запалкай яе напаткала няўдача, дзверы не загарэліся, запалка атухла.
Тады яна сцягнула з галавы хустку і выліла на яе з суляі рэштку газы, запаліла другую запалку, — хустка пыхнула барвовым полымем, і яна, абпякаючы рукі, кінула яе на парог.