Читать «Знак бяды» онлайн - страница 168

Васіль Быкаў

На роўным бомба лёгка перакацілася па воглай траве жоўтымі, запэцканымі зямлёй бакамі, але далей у алешнічку каціць было неяк, і Сцепаніда ўхапіла яе за круглую жалязяку хваста. Так, трохі прыпадняўшы, цягнуць было можна, але трэба было ўвесь час высільвацца і трымаць прыпадняты хвост, а сілы ў Сцепаніды было ўжо мала. Яна правалакла бомбу крокаў мо пяць і выпусціла з рук, сама таксама ўпала задам у траву. Хвілін колькі задышліва хліпала ротам, трохі, аднак, аддыхалася і зноў ухапіла пальцамі за мокры хвост. На гэты раз яна працягнула і яшчэ меней, калі зноў упала. У наступныя разы ўжо толькі тузала і рыўкамі, па адным кроку, не болей, сунула яе да ўзроўка; паясніца яе пераломвалася ад болю, мокрыя рукі, пальцы і калені былі ўсе паабдзіраны аб патарчакі. І яна спяшалася.

Кожны раз яна азіралася наўкола праз хмызнячок, усё паглядвала ў бок сядзібы — баялася, не дай Бог, хто прыйдзе, убачыць. Тады яна прапала, прапала бомба. І гэта пасля такіх высілкаў!

Калі яна ўрэшце прывалакла бомбу да яміны, сілы яе, падобна было, зусім скончыліся, яна ўжо не магла перакаціць яе цераз накапаны горбік зямлі і ўпала на яе грудзьмі, ляжала так, мусіць, доўга. Увесь час яна казала сабе: ну годзе, уставай — і абяцала: устану, зараз устану. І не ўставала, бо не магла. Уваччу ў яе спярша ўсё зацямнелася, нібы ўначы, затым дужа паволі праяснівалася, і сэрца вырывалася з грудзей ад знямогі.

Мабыць, яна ляжала так доўга, ашчаперыўшы ўшчэнт перапэцканае цела бомбы і сама ад ног да галавы выкачаная ў гразь. Калі трохі паслабаднела дыханне, ужо не ўстаючы, уперлася ступнямі ззаду ў вузлаватыя карані алешын, высілілася апошні раз і пасунула спярша хвост, а затым і галаву бомбы.

Зрушваючы з сабой свежую зямлю, бомба ўрэшце цяжка гупнулася аб дно — увалілася ў яміну. Сцепаніда яшчэ паляжала на гразкай зямлі, пасля ўстала і ўзяла рыдлёўку.

Закопваць было лягчэй, і яна старанна закідала яму зямлёй, патапталася зверху. Рэшту зямлі з краёў выбрала рыдлёўкай і рассыпала неўпрыкмет наўкола. Затым прыбрала ўсё з камлёў, з куставін, абмяла, абтрэсла і абабрала пальцамі, каб і знаку не было ад таго, што тут нехта капаў. Крыху воддаль сабрала ў алешнічку ахапак чорнага лісця, прытрусіла тую мясціну, пасля адышлася далей па ўзроўку, назбірала яшчэ рудага, чорнага, вільготна-сапрэлага лісця, накідала на яміну, каб і зблізку не відаць было свежай зямлі. У дадатак схадзіла да старога схову, прывалакла трохі хворасту, раскідала сям-там. Быццам тут ніхто і не ступаў ніколі.

Абапіраючыся на рыдлёўку, яна ледзьве прывалаклася на свой падворак, дзе яе запытальна-ўважлівым позіркам сустрэў згаладнелы Рудзька, але цяпер яна не магла нават сказаць яму добрае слова. Толькі калі той паспрабаваў следам за ёй ускочыць у сені, яна спыніла яго — усё ж сабака павінен быць на падворку. Яна зашчапіла сенцы, прывалаклася да палка ў запеччы і лягла, як была ў хустцы і ватоўцы, — распранацца ў яе ўжо не засталося сілы.