Читать «Знак бяды» онлайн - страница 171

Васіль Быкаў

Сцепаніда ўпала нічком на старасвецкі земляны дол, утаптаны за вякі нагамі паноў, шляхты, парабкаў, нагамі Петрака, яе мужа, і яе дзяцей, і, задыхаючыся ад дымнага смуроду, глядзела на агонь. Полымя ад хусткі гулліва шыбанула на дзверы, узвілося пад столь і коса папаўзло па бёрнах сцяны; загарэліся нейкія транты на цвіку ў куце; кучаравыя агняна-чырвоныя космы полымя закруціліся, заверашчэлі ў шызым і чорным дыме, усё імкнучыся вышэй у падстолле, да смаляных бэлек істопкі. Яна ўжо задыхалася ад дыму і шчыльней прыціснулася да прахладнай земляной падлогі.

У сенцах, чуваць было, раздаліся галасы, нехта штось крыкнуў загадна-трывожнае, але яна не зразумела — што, толькі адзначыла ў думках, што дзверы ламаць перасталі.

Замест таго праз хвіліну ў сенцах гулка бабахнуў стрэл, і нешта ўдарыла ззаду ў кубёлак. Куля! Але цяпер хай страляюць, цяпер гэта ўжо не палохала яе. І яшчэ бабахнула ў другім баку, на падворку — другая куля ўдарыла недзе пад жорны, якія ўжо займаліся з кута касмылявым свіркоткім полымем. Істопку скрозь завалакло змрочнымі пластамі дыму, праз якія сям-там угары прабіваліся-бліскалі мільготкія языкі агню, дыхаць рабілася ўсё трудней, і яна, ужо не кратаючыся, падкурчыўшы ногі, ляжала ў доле. Яна адчувала, што зараз згарыць, што, мабыць, рухне падстолле, ці раней задыхнецца ад дыму, калі да таго не застрэляць знадворку. Але цяпер ёй было ўсё роўна.

Яна сваё ўсё зрабіла, якіх-небудзь надзей на паратунак у яе не засталося.

Яны там, на падворку, нешта гаманілі і крычалі, яшчэ некалькі разоў стрэлілі цераз сцяну, але ёй у істопцы нічога не было чуваць — агонь усё болей убіраўся ў сілу, па кутках і па сценах трашчала, сквірчэла, гуло — палалі ўжо столь, сцены, дзежкі ў куце, кросны, засекі, дробнае гаспадарскае начынне — усё драўлянае, шматгадовае і сухое. На яе густа патыхала жарам і сыпаўся прысак, дужа пякло ў галаву і ногі, здаецца, ужо загараліся валасы на патыліцы, яна ўткнулася тварам у рукаў ватоўкі і марудна, але няўхільна пакутна задыхалася. Яна толькі думала, што з ёй будзе раней — згарыць ці задыхнецца ў дыме, — і не ведала, што цяпер лепей. На кароткі момант свядомасць яе млява зацьмелася, яна забылася, пасля ачнулася і адчула, што на спіне смыліць вата — гарыць ватоўка. Гэта ўжо быў канец, і яна не ў лад са сваім станам падумала: чаму ж яе там, у яміне, не ўбачыў хто з бомбай? Хоць бы хто-небудзь з тутэйшых — які пастушок, малец, жанчынка, каб запомнілі месца, пакінулі знак у памяці. Бо інакш, калі не адкапаюць гэтыя, задарма прападзе яе клопат і спрахне без толку сіла, на якую яна спадзявалася.

Між тым дыхаць ужо не было як, яна задыхалася, смылелі валасы на галаве і ўдушліва дыміла вата з ватоўкі.

Здаецца, загарэліся і рукавы на локцях, якімі яна затуляла твар і думала: а можа, і добра, што яе ніхто не пабачыў, ні добры, ні злы чалавек, і ніхто нічога не ўведае. Добрым людзям і не трэба, а гэтыя хай шалеюць. Хай думаюць — дзе? І не спяць ні ўдзень ні ўначы — баяцца да скону.