Читать «Знак бяды» онлайн - страница 169

Васіль Быкаў

Яна ляжала так у выстуджанай хаце, атупелая ад знямогі, прыслухоўваючыся да няпэўных далёкіх і блізкіх гукаў знадворку, і думала, што можа так здарыцца, што возьмуць яе, тады, канешне, усе яе намаганні будуць дашчэнту спляжаны. Але ж, можа, ёй яшчэ і пашчасціць. Галоўнае было зроблена, засталося менш. Хоць таксама яшчэ нялёгкае. Але каб хоць некалькі дзён волі, каб ёй пабачыцца з Віктарам, схадзіць у мястэчка, з сім-тым параіцца. Калі якая бяда, дык горнешся да людзей, бо хто ж яшчэ паможа табе, як не людзі? Людзі загубяць, але ж і памогуць людзі. Нават і ў такі страшны, кляты час, як вайна.

Паляжаўшы нямала часу, яна, аднак, трохі спачыла, рукі і ногі гудзелі, але прыйшло заспакаенне, — і стала сцюдзёна.

Яна ўжо некалькі дзён не паліла ў печы, у грубцы таксама, хата дашчэнту выстудзілася. Мусіць, трэба было прапаліць на ноч, а то да ранку заляскаеш тут зубамі. Ды і зварыць бульбіну. Есці таксама хацелася вельмі, а ў яе не было нават скарынкі хлеба.

Сцепаніда марудна апусціла ногі і злезла з палка. На дварэ ўжо вечарэла, але яшчэ было відно, у завуголлі гуў вецер, і голле ліп на падворку апантана матлялася, гнучыся пад няспынным ветраным напорам. У грубцы ляжалі накладзеныя пазаўчора дровы, трэба было толькі падпаліць іх. Сцепаніда ўзяла з загнеткі лучынку і сунула руку паміж печчу і сцяной — там яна хавала ад Петрака запалкі. Толькі яна дастала адтуль карабок, як на падворку дужа забрахаў Рудзька. У яе нядобра скаланулася сэрца, і з карабком у руках яна падскочыла да акна.

Рудзька скакаў па двары і апантана брахаў, аж захліпаўся, а па дарожцы з гасцінца да хутара хуткім крокам сігалі чацвёра мужыкоў з вінтоўкамі. Здалёку яна нібы пазнала кожнага з іх і сказала сабе: «Ну, усё!»

Як ні дзіўна было для яе самой, яна не дужа спалохалася і не пабегла нікуды, нібы чакала таго і разумела непазбежнасць менавіта такога канца. Напружаннем збянтэжанай памяці яна толькі прыкінула цяпер, што трэба зрабіць напаследак, і не ўспомніла нічога. А можа, яна ўсё ўжо зрабіла? Яна сунулася ад акна ў запечча, потым выбегла ў сенцы, мусіць, каб быць далей ад акон. Рудзька ўсё захлынаўся ў варотцах, і тады на дарожцы зводдаль бабахнуў першы іх стрэл. Рудзька прарэзліва заскавытаў і сціх — ці не назаўжды? Яна зразумела: цяпер чарга будзе за ёю.

Штосьці сцяміўшы, аднак, яна кінулася з сянец у істопку і накінула крук на прабой. Не, так проста яна ім не дасца. Яна ўсё ж не Рудзька. І не Пятрок. І нават не Карніла. Яшчэ яна з імі пабораецца. Хай б'юць! Заб'юць, тады што ж… Тады іх перамога. Але яшчэ не забілі, і па сваёй волі яна ім не паддасца.

Тры ўдары абцасам у дзверы гулка аддаліся ў сенцах.

— Адкрой!

Яна сядзела на кукішках за тоўстым дубовым шулам у істопцы і маўчала.

— Сцепаніда, адкрой! А то ўзламаем!

«Ламайце!» — пакорна падумала яна. Але не так лёгка паламаць старасвецкія дзверы, на якіх у тры пальцы дошкі, скаваны з цэлага прэнта крук, прабіты цераз усё шула і загнуты канцамі знутры прабой. Ламайце!