Читать «Знак бяды» онлайн - страница 114
Васіль Быкаў
На сядзібе яе болей нічога не турбавала, спакваля сабралася ў хляўку шэсць курыц, чатырох, пэўна, з'елі немцы. Учора ж, як толькі з падворка, забраўшы Петрака, з'ехалі паліцаі, яна найперш кінулася ў роў, знайшла ў барсуковай нары свайго згаладнелага парсючка, які так ёй узрадаваўся, што кінуўся ў ногі і забыўся пра голад, як яна пачасала ягоны схуднелы бок. Ён не падаў нават голасу, як яна валакла яго на ўзровак, а затым трушком бег па сцяжыне да хутара і, відаць, з вялікай неахвотай зноў улез у цесны свой застаронак. Там ужо яна яго ўволю накарміла бульбай, не пашкадавала вобмешкі, пасля ён выпіў чыгунок вады і супакоіўся.
Абкапваць было не дужа каб цяжка, хоць, ведама, Пятрок зрабіў бы гэта спрытней. Але Пятрок зранку займаўся справай, дзе яна ўжо была старонняй. Устаўшы яшчэ да світання, ён бразгаў у істопцы самагонным начыннем, пасля некуды знік, паявіўся зноў, узяў вёдры, каромысла, пачаў насіць кудысь брагу. Яна думала, што ён уладкуецца ў істопцы ці хоць бы ў асеці, а ён сышоў некуды далей — у роў ці яшчэ куды, не сказаў нават ёй. Толькі калі ўсё там было настроена, прыйшоў прасіць якія дзве запалкі. Голас яго стаў зусім сіплы, а сам з выгляду зусім стомлены, змардаваны, які ён, здаецца, не быў ніколі. Яна дала яму дзве запалкі і сказала, каб не сядзеў доўга — на дварэ сцюдзёна, мокра, нядоўга застудзіць грудзі, што тады будзе карысці з яго самагонкі.
— А, чорт яго бяры! — махнуў рукой Пятрок. — Усё адно ўжо…
Сцепаніда абкапала адзін бок капца, паляпала рыдлёўкай па зямлі, раўняючы таўставаты яе пласт на саломе. Увесь гэты час, што б яна ні рабіла — ці поркалася дома, ці парадкавала парсючка, — не магла пазбыцца думкі пра Янку. Так яна шкадавала цяпер, што ў той дзень згледзела яго на ўзроўку — хай бы ён дзе пасвіў у парасніках, навошта ён трапіўся ёй так блізка? Але, мусіць, нейкая злая сіла вабіла яго да гэтага хутара, да той небяспекі, якая абярнулася для яго пагібеллю. Сцепаніда не магла пазбыцца горкага адчування свайго дачынення да яго смерці, хоць і разумела: тое, што яна зрабіла з іхняй вінтоўкай, не тычылася болей нікога, нават Петрака, і яна не бачыла тут жаднай сувязі з Янкам. Канешне ж, яна разумела, што прывяло хлопца ў роў, мабыць жа, ён ішоў да яе парсючка, але навошта ён палез так блізка да хутара? Няўжо не адчуваў, чым гэта можа для яго скончыцца? І вось скончылася.
Капец яшчэ не быў уладкаваны, як яна пачула голас з падворка — хтось клікаў яе. Але хто ў такі час мог тут паявіцца, не трэба было доўга думаць, канешне, гэта зноў былі тыя самыя злыдні. Уся ўнутрана сабраўшыся, гатовая да кепскага, Сцепаніда ўваткнула ў зямлю рыдлёўку і пайшла цераз гарод да дрывотні.
Так яно і было, яна не памылілася. На тым месцы, дзе нядаўна дымела кухня, цяпер стаяла фурманка са знаёмым панурым конікам у аглоблях, а Гуж з Каландзёнкам ужо заглядвалі ў вокны і гукалі яе. Ля фурманкі з ніякавата-староннім выразам на зграбна-чарнявым твары стаяў з вінтоўкай на плячы Антось Недасека.