Читать «Знак бяды» онлайн - страница 112

Васіль Быкаў

— Ёсць і буслянка. Хата ладная ў яго. Пад дранкай.

Пятрок яшчэ хацеў удакладніць нешта, але зверху ад дарогі іхнюю размову ўжо ўчуў Каландзёнак і віскнуў танклявым голасам:

— Не разгаварваць! Капаць!

— Капаем, капаем. Каб табе гэту лапату ў горла, — ціха зазначыў Дубасей, а гучней з ліслівасцю загаманіў да паліцая: — Сынок, гэта мне па нуждзе каб… Ну ў лясок, га?

— Капаць!

— Дык па нуждзе ж, сынок…

— У яміне.

— Дык як жа ў яміне? Чалавек жа я. Мне трэба…

Але Каландзёнак, нібы аглухшы, ужо закаціў вочы і, здавалася, нічога не бачыў навакол. Тады стары ўваткнуў у жвір рыдлёўку і, дужа наморшчыўшы свой зашчацінелы твар, палез па абрыву з яміны на той бок, дзе зачынаўся дробненькі малады сасоннік.

— Назад! — віскнуў з дарогі Каландзёнак, але Дубасей ужо вылазіў з-пад абрыву на роўнае, пад сасонкі, і Пятрок, гледзячы на яго знізу, бачыў толькі яго галаву ў чорнай касматай шапцы. Раптам гэтая шапка смешна падскочыла ўгору, і ў тое ж імгненне з другога боку ляснуў гулкі вінтовачны стрэл — шырока расставіўшы даўгія ногі, Каландзёнак перазараджаў вінтоўку.

— Назад!

Стары Дубасей задам поўз па абрыву, сунучы сабой жвір, і Пятрок аж жахнуўся (забіты?). Але не, здаецца, жывы, толькі збялелы як палатно і без шапкі. Споўзшы да нізу, не адразу, неяк аслабела-хістка падняўся на ногі.

— Капаць! Быстра! Шнель! — віскаў з дарогі паліцай, трымаючы аберуч вінтоўку.

Невідушчымі, поўнымі слёз вачыма Дубасей агледзеў яміну, слепа нашарыў збоку сваю рыдлёўку.

— Божа мой, Божа! — ціха шапталі ягоныя вусны. — Што ж гэта? Як жа гэта? Мы ж некалі з ягоным бацькам таварышавалі. Разам у салдатах служылі. Бацька ж чалавек быў…

«Ну і змяя, ну і гадзюка! — думаў Пятрок, знясілена точачы ў жвір рыдлёўку. — Чаму яго малога хвароба не ўзяла?.. Колькі харошых людзей пагінула, а гэты во раскашуе. Як усё несправядліва на божым свеце…»

Каландзёнак не даў ім ні перакурыць, ні перадыхнуць хоць крыху, падводы ішлі і ішлі, і яны капалі і кідалі, капалі і кідалі. Ужо яміна стала глыбокая, у рост чалавека, трэба было добра размахнуцца, каб дакінуць да воза, а рукі ўжо не слухаліся. Дубасей капаў побач, без шапкі, з голай, як калена, нічым не прыкрытай галавой, і ў вачах у старога было поўна слёз, якія ён крадком выціраў заскарузлай рукой. Зводдаль на дарозе слупам стаяў Каландзёнак, відаць, яму было сцюдзёна, рукі ён хаваў у кішэнях, і вецер ляскатаў поламі шыняля па яго ботах, але паліцай ні на крок не адступаўся ад яміны.

Неяк яны, аднак, дацягнулі да вечара, знемагліся ўшчэнт, а колькі накідалі вазоў, дык перасталі і лічыць. Як пачало змяркацца і пад нагамі ў яміне ўжо трэба было ўгледзецца, куды пхнуць рыдлёўку, на дарозе з'явіўся Гуж. Скуранка ягоная была расшпілена на грудзях, твар распарана-счырванелы, пэўна, ад самагону, не іначай.

— Генуг, гультаі! — адразу аб'явіў Гуж. — На сёння генуг! А заўтра будзе загад. Ці сюды, ці на бульбу. Па дамох разайдзісь!

Ад тае каманды ў Петрака адразу падагнуліся ногі, і ён сеў, дзе стаяў, — на нейкую жвіровую купіну, зусім знясілены без ежы за цэлы дзень. Дубасей пагробся вылезці з ямы і ледзьве выбраўся пад сасонкі, дзе ляжала яго прастрэленая шапка. За ім спакваля вылез з ямы Пятрок.