Читать «Знак бяды» онлайн - страница 116

Васіль Быкаў

— Разумныя і тады былі. Але як было жыць? Нагараваліся ў малазямеллі. Што можна было на дзвюх дзесяцінах з дзецьмі?

— А на шасцідзесяці сотках лепш стала? Дзвюх дзесяцін ім мала было? Во цяпер немцы дадуць зямлі, колькі хочаш. Да трыццаці га. Каторыя, канешне, заслужаць. Перад германскай уласцю заслужаць.

— Табе пэўна ўжо дадуць. Заслужыў.

— Мне? А начарта яна мне? Я яе з дзецкіх лет зненавідзеў. Пляваў я на зямлю.

— Завошта ж тады стараешся?

— Ах, якая разумная, гляджу! Усё табе трэба знаць! А хоць бы за тое, што ўладу далі. Дзеля ўлады! Я ўсю жысць быў падначалены, малы чалавечак. Усяго бойся. А цяпер у мяне ўласць! Поўная. Я ж цяпер для вас вышэй, чым сельсавет. Вышэй, чым райкам. Чым саўнаркам нават. Я ж магу любога, каго хочаш, стрэльнуць. Мне ўсё давяраюць. А магу і наградзіць. Вось табе што нада? Карова нада, немцы схарчылі? Будзе карова! Заўтра прывяду. Парсюка? Таксама. Каня няма? Заўтра з Выселак двух прыганю. Адбяру і прыганю. А ты думала?

— Нам адабраных не трэба.

— А я табе і не дам. Ты ж враг! Враг Германіі. Думаеш, я не знаю, чыіх рук не мінула тая вінтовачка? Дарма дуракі-немцы на нямка спісалі! Я пагадзіўся, думаю: хай! А сам імею ў віду. Я яшчэ тут пашурую. У адным месцы. Знаеш, у якім!

Ён амаль крычаў гэта, утаропіўшыся ў яе бязлітасным пільным позіркам, і яна сумелася, першы раз за гэту сустрэчу, думаючы: каб цябе разарвала, халуй нямецкі! Але сапраўды было ніякавата на душы, здавалася, ён ведаў нешта, нібы сам падгледзеў ці, можа, даказаў хто. Хоць розумам яна пераконвала сябе, што нічога пэўнага ён ведаць не мог. Палохаў? Выпрабоўваў? Можа быць, хоць і ад таго ўсё роўна было пагана.

— А во Пятрок разумнейшы за цябе, — памаўчаўшы і трохі паспакайнеўшы, сказаў Гуж і ўскочыў ад стала. — За самагон узяўся. Правільна! Толькі хай не здумае ад мяне таіцца. Галаву адкручу і скажу, што безгаловым радзіўся. Выменяў змеявік на скрыпку і думае ўтаіць. Не ўдасца: у мяне агентура!

У сенцах затупалі крокі, расчыніліся дзверы, цераз парог пералезлі даўгалыгі Каландзёнак і меншы, плячысты Недасека.

— Ну што?

— Нідзе нетуці! — віскнуў Каландзёнак.

Недасека спярша зрабіў вялікую заклапочанасць на твары і, памяркоўна паводзячы рукой, пачаў тлумачыць:

— Абшарылі гэта, счытай, скрозь. І ў пуні, і ў асеці, і ў хляўках ва ўсіх. Няма. І дзе ён падзеўся, хто ведае.

— Хранова шарылі! — абвясціў Гуж. — Ну ладна. Няма калі, а то б…

Ён яшчэ раз таропка зазірнуў у кожнае акно і перахапіў вінтоўку.

— Недасека, пільнуй! Садзіся і дажыдайся! Прыйдзе, не дзе дзенецца. Яе, — кіўнуў ён на Сцепаніду, — нікуды за парог. Прыйдзе — гарэлку ка мне. Паняў?

— Паняў, ну, — не дужа рашуча запэўніў паліцай.

— Ось так! Паехалі, Каландзёнак! А ты запомні, што я сказаў, — замест развітання кінуў ён Сцепанідзе. — Пакеда не позна.

Яна стала ля печы і глядзела ў акно, як яны там разварочваліся з фурманкай, як садзіліся ўжо на хаду і выязджалі з варотцаў. Толькі пасля яна адарвалася ад акна і зірнула на сутулавата-пакорную постаць Недасекі, што цярпліва стаяў ля парога.