Читать «Знак бяды» онлайн - страница 115
Васіль Быкаў
— А, во яна! — убачыўшы яе, сказаў Гуж. — Дзе Пятрок?
— А тут хіба нет? Тады не ведаю, — схлусіла яна, адразу сцяміўшы, што гэты прыезд, мабыць, не па яе — па гаспадара хутара.
— Адчыняй дзверы! — загадаў Гуж. Але, апярэдзіўшы яе, сам скінуў клямку з прабоя і размашыста бразнуў дзвярыма.
Пакуль яна ішла за імі, Гуж паспеў зазірнуць у істопку, агледзець мітуслівым позіркам сенцы, нават прынюхаўся да чагось сваім мясістым шырокім носам і бразнуў дзвярыма, заходзячы ў хату. Там ён таксама спярша зірнуў у кожнае з вокан.
— Дзе Пятрок?
— Я ж не ведаю, сказала. Я вунь бульбу абкопваю.
— Ах, ты не ведаеш? Дык мы ведаем: самагон гоніць! Дзе гоніць? — раптам запытаў Гуж, паварочваючыся да яе і адразу захінуўшы ад яе ўсё святло з вокан. Яна не стала ні пераконваць яго, ні бажыцца, што не ведае, дзе Пятрок, толькі ціха вымавіла:
— Мне не сказаў.
Гуж штось памеркаваў і злосна скрыгатнуў шырокімі пашчэнкамі.
— Ну, падла, ты ў мяне дажджэшся! Урэшце я цябе павешу. З вялікім маім задавальненнем. З наслажджэннем!!!
— Гэта за што? — не паднімаючы позірку, спакойна пацікавілася яна, аднак не саступаючы з месца перад ім ля парога. У яе таксама міжвольна сашчапіліся пашчэнкі, толькі яна не паказала таго і глядзела долу. Чыстую пасля немцаў падлогу яны агідна забрудзілі гразкімі ботамі. Але хай, ёй не было шкада падлогі, ёй нават закарцела пасварыцца з гэтым увішным служкам новага парадку.
— Сама знаеш — за што! Вы! — раўнуў ён да сваіх памагатых. — Ану пашуруйце сядзібу: у таку, у асеці. Недзе ён тут гоніць.
Каландзёнак з Недасекам пасунуліся ў дзверы, а Гуж сеў ля стала, не адрываючы ад Сцепаніды гняўліва-пагрознага позірку.
— Ты ж знаеш, што цябе трэба вешаць як бальшавіцкую акцявістку. А ты яшчэ хвост паднімаеш! На што ж ты расчытваеш?
— А ні на што не расчытваю. Я цёмная жэншчына.
— Гэта ты цёмная жэншчына? А хто калгасы арганізоўваў? Хто баб у хату-чытальню збіраў? Цёмная жэншчына? А раскулачванне?
— Раскулачванне ты не забудзеш, канешне, — сказала яна і прысланілася плячом да чалесніка. Яна ўжо неяк справілася з сабой і ва ўпор пазірала на паліцая.
— Не, не забуду! Па гроб не забуду. І папомню яшчэ некаторым. Шкада, Лявона няма. Я б яму папомніў! Як ён з бацькі боты здзіраў!
— Лепш бы на тое цяпер забыцца, — памаўчаўшы, сказала Сцепаніда. — І для цябе тожа лепш. Спакайней было б.
— Не-а, гэта ўжо хрэна! Я не забудуся. Я не забудуся, з чыёй ласкі на чужой зямлі гора мыкаў. Я цяпер чаго сюды прыбіўся? — заходзячыся напятай, ледзьве стрыманай лютасцю, гаварыў Гуж. — Думаеш, немцам служыць? Чхаў я на немцаў. Мне трэба расчытацца з некаторымі. З калхознічкамі, маць вашу за нагу! Што тут раскашавалі, як мой бацька на Салаўках канаў.
— Не дужа тут раскашавалі. Работалі.
— За палачкі работалі? Так вам і нада! Нашто было лезці ў калгас? Ты ж за яго агіціравала!
— Лацно было агіціраваць за тое, чаго не знаеш.
— Дык якога жа шыша, не знаўшы, не ведаўшы, палезлі? Як у прорву. Цяпер нажраліся палачак, паразумнелі?!