Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 55
Васіль Быкаў
— Хваліце? Таксама як і яго хвалілі?
— Гэта каго?
— Міцю, каго!
Брытвін выразна хмыкнуў.
— Ну, знаеш! Трэба было, дык і хваліў.
— А цяпер ужо не трэба? Цяпер мяне трэба? — хутка наліваючыся злосцю, адрывіста сказаў Сцёпка. Кавалак недажаванага хлеба мулка тырчаў за яго шчакой.
— А ты што, недавольны?
— Давольны!
— Слава Богу. А то я падумаў, што ты ў абідзе: чаму я цябе, як учора Маслакоў, на мост не пагнаў?
«Ах, вось што!» — мільганула ў галаве ў Сцёпкі. Можа, Брытвін яшчэ пачне папракаць яго за няўдзячнасць? Сапраўды, на мост не пагнаў, справу зрабілі, і ўсё як найлепш. Нават узрыўчатку для атрада зэканомілі. Але ўсё роўна да Маслакова яму далёка.
— Маслакоў не гнаў! — амаль крыкнуў, зрываючыся на сварку, Сцяпан. — Маслакоў вёў! Гэта ты гнаў!
— Каго я гнаў?
— А Міцю! Успомні!
Ну, так і ёсць! Тут ужо стала пэўна, што Сцёпка трапіў у яго балючае месца.
Распяразаны, босы, Брытвін раптам ускочыў і ашчэрыўся на хлопца:
— Ах ты, сапляк! Абгаварыць хочаш? У мяне во — сведка! Ану, хай скажа: гнаў я ці ён сам пайшоў!
— Сам, сам! — хуценька пацвердзіў Даніла. — Прасіў Хрыстом-Богам. Каб, значыць, за бацьку апраўдацца.
— Паняў? Паліцэйскага сынок да таго ж! Не забудзь.
Сцёпка маўчаў, трохі збянтэжаны гэтым неспадзяваным паваротам спрэчкі. Так, тут яны мелі рацыю. Прасіўся, гэта праўда. І што паліцаеў сынок, таксама праўда. Але што ж тады атрымліваецца?
— Выходзіць тады, гэты паліцаеў сын мост узарваў. А не мы. Так?
— Не, не так! — цвёрда сказаў, як адсек, Брытвін. — Мы ўзарвалі. Мы арганізавалі ўсё і кіравалі. Я кіраваў. Ці ты з гэтым не згодзен?
Сцёпка не ведаў чаму, але з гэтым ён сапраўды быў не згодны, хоць і пярэчыць болей не стаў. Мусіць, для сваркі з гэтым чалавекам ён быў слабак. Нешта ў яго галаве пераблыталася, усе гэтыя ўзаемазалежнасці і складанасці, і без таго не дужа зразумелыя яму, цяпер і зусім прыцьмелі — не разабрацца. Толькі нейкаю самай упартай і самай чуйнай часткай свае душы ён адчуваў, што Брытвін махлюе, і ён нізашто не мог памірыцца з ім.
Даніла пад штабелем драў жоўтымі рэдкімі зубамі кавалак мяса:
— Гэта самае… Каб не яны, — кіўком барады ён паказаў на Брытвіна, — каб не яны, усё прапала б.
Сцёпка падняў голаў і, адчуўшы нешта загадкава-важнае ў гэтых словах, утаропіўся на Данілу.
— Ага. Калі конь падбрыкнуў на мост, яны бабахнулі, і гатова. Якраз пасярод моста.
— Каго? Каня?
— Ну! Таго Росліка. Во снайпер, а-яй! — набраўшыся голасу, басавіта гаманіў Даніла.
У шумлівай і хісткай Сцёпкавай галаве, мусіць, са спазненнем, але надта выразна бліснула проста неверагодная здагадка, аслеплены якой, хлопец хвіліну не мог вымавіць слова. Ён толькі глядзеў то на Брытвіна, то на Данілу. Але спакваля ўсё станавілася на свае месцы, і ён ужо зусім пэўна пачаў разумець, чаму не пабег разам з ім Міця: хлопец кінуўся ратаваць Росліка.
А яму, дурню, здалося, што ў каня страляў паліцай.
— Падлюга! — адчуваючы, як нешта лютасцю ўзгарэлася ў ім, закрычаў Сцёпка. — Падлюга ты! Паняў?